Тэхналогія разлікаў: бонусы для «спецыяльных» кліентаў


Развіццё безнаяўных разлікаў ужо не першы год з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі. Пацвярджэнне таму — шэраг указаў Прэзідэнта і пастаноў праўлення Нацыянальнага банка краіны, накіраваных на змяншэнне наяўнага грашовага абароту, які дорага абыходзіцца казне.

А што атрымлівае ў выніку ўкаранення новых тэхналогій просты чалавек? Пра гэта ў інтэрв’ю з намеснікам дырэктара — начальнікам аддзела рознічнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг №230 філіяла №216 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Паставы В. А. ГУТАРАМ.

— Валерый Аркадзьевіч, безнаяўныя раз­лікі папулярныя ва ўсім свеце. І невыпадкова, бо маюць нямала пераваг. Раскажыце, калі ласка, пра іх.
— Так, плюсаў тут хапае. Адна справа — насіць у кішэні або ў кашальку наяўныя грошы і зусім іншая — банкаўскую картачку. У любы момант вы можаце паглядзець колькасць сродкаў на рахунку, праведзеныя аперацыі. У выпадку страты картачкі дастаткова патэлефанаваць па нумары кругласутачнай службы сэрвісу, і яе тут жа заблакі­руюць, каб ніхто не меў доступу да вашага рахунка. Пасля блакіравання картачкі і афармлення адпаведных дакументаў новую можна атрымаць праз 7-10 дзён, а неперсаналізаваную — у той жа дзень. Калі ж у гэты перыяд спатрэбяцца грошы, іх не праблема зняць па заяве.

Акрамя таго, з дапамогай картачкі можна ажыццяўляць аперацыі праз дыстанцыйнае банкаўскае абсталяванне, седзячы дома альбо дзесьці ў дарозе, незалежна ад часу сутак. Разлічваючыся ў магазі­нах і іншых месцах — атрым­ліваць скідкі і нават выйграць аўтамабіль, паколькі плацежнымі сістэмамі Visa, MasterCard і «Белкарт» рэгулярна праводзяцца розыгрышы прызоў. Таксама кліенту, які актыўна ажыццяўляе безнаяўныя аперацыі, пры звароце ў банк могуць прапанаваць карту больш высокага статусу па цане 1 рубель або 50% ад яе кошту ў залежнасці ад сумы безнаяўнага абароту за год. Заслугоўвае ўвагі і клубная сістэма Беларусбанка, якая з’явілася ў канцы 2016 года і актыўна развіваецца.

— У чым сутнасць гэтай сістэмы?
— У тым, што, аддаўшы невялікую суму за спецыяльную клубную карту, чалавек атрымлівае шэраг бонусаў, якія дазваляюць яму пастаянна эканоміць грошы. На сённяшні дзень існуюць тры клубы, разлічаныя на розныя катэгорыі насельніцтва, якія адрозніваюцца ўзроўнем даходаў, інтарэсамі і ступенню выкарыстання сучасных тэхналогій. Прасцей кажучы, для пенсіянераў створаны адзін клуб, для моладзі — другі, для асоб, якія часта падарожнічаюць, — трэці.

— Хацелася б даведацца пра кожны з іх падрабязней.
— Ужо па назве клуба #настарт няцяжка здагадацца, на каго нацэлена гэта прапанова. Яна падыдзе маладым лю­дзям, якія часта набываюць тавары ў беларускіх і замежных інтэрнэт-магазінах, актыўна карыстаюцца іншы­мі сэрвісамі з дапамогай сусветнага павуціння. Кожнаму члену клуба штомесяц вяртаюць ад 1 да 12% патрачаных такім чынам грошай. Прычым гандлёвых сетак, якія падключыліся да партнёрскай праграмы банка і гатовыя вярнуць звыш 1% кошту пакупкі, становіцца ўсё больш. Да іх адносяцца ў тым ліку папулярныя інтэрнэт-магазіны lamoda.by і wildberries.by. Бонус 1% прымяняецца таксама пры разліках за паслугі атэляў, набыцці авія-, чыгуначных і аўтобусных білетаў праз інтэрнэт. Акрамя таго, прадугледжана вяртанне 3% ад сумы звыш 50 беларускіх рублёў пры аплаце праязных дакументаў, заказаных на сайце Беларускай чыгункі па рэквізітах картачкі або з выкарыстаннем інтэрнэт-бан­кінгу банка.

Для ўступлення ў клуб #настарт неабходна аформіць міжнародную бескантактную картачку Visa Electron або Белкарт-Прэміум-Maestro. Рахунак можа быць як у беларускіх рублях, так і ў валюце. Удзельніку клуба адразу прадастаўляюцца бясплатнае SMS-апавяшчэнне пра прыходныя аперацыі і рэгістрацыя ў сістэме «Інтэрнэт-банкінг». Таксама ён мае магчымасць адкрыць «Інтэрнэт-дэпазіт-Трэнд Безадзыўны» (у беларускіх рублях тэрмінам захоўвання 9 месяцаў) з павышанай на 0,5% працэнтнай стаўкай і заключыць у любым падраздзяленні Беларусбанка са скідкай 15% дагаворы добраахвотнага страхавання ад траўм «Экспрэс» і добраахвотнага комплекснага страхавання маёмасці і грамадзянскай адказнасці.

— А чым парадуе клуб пенсіянераў?
— Карта «Бархат» у адрозненне ад звычайнай плацежнай падорыць ім расшыраны пералік бонусаў. У іх ліку — кэшбэк (вяртанне на карт-рахунак пэўнага працэнта сродкаў ад кожнай пакупкі, аплачанай безнаяўным чынам). Кэшбэк працуе ў аптэках, бальніцах, стаматалагічных кабінетах і іншых установах аховы здароўя, дзе складае 2,5%, буйных гандлёвых сетках: «Еўраопт», «Віталюр», «Суседзі» і інш. — у іх пенсіянеры могуць эканоміць на пакупках 3%. А пры аплаце праз інтэрнэт-банкінг, М-банкінг або ў інфакіёсках рахункаў за камунальныя паслугі, газ, электраэнергію, тэлефон і г.д. на рахунак вернецца 1% ад ажыццёўленых плацяжоў.

«Бархат» дазволіць атрымаць назад і працэнт ад сум, патрачаных пры аплаце праз сістэму «Разлік» турыстычных паслуг, авія- і аўтобусных білетаў, тавараў у многіх інтэрнэт-магазінах, білетаў на канцэрты і іншыя мерапрыемствы. Калі грошай на паездку або неабходны тавар не хапае, можна аформіць крэдыт «Час жыць» з паніжанай на 3% працэнтнай стаўкай. Акрамя таго, члены клуба маюць магчымасць адкрыць уклад «Класік Безадзыўны да года» (у беларускіх рублях тэрмінам захоўвання 9 месяцаў) з павышанай на 1% працэнтнай стаўкай. У рамках гэтай прапановы пенсіянерам прадастаўляецца SMS- і e-mail-апавяшчэнне аб заканчэнні тэрміну ўклада, а таксама афармленне даверанасці і завяшчальнага распараджэння без дадатковай платы. А яшчэ, як і ў папярэднім клубе, можна атрымаць скідку пры заключэнні дагавораў добраахвотнага страхавання і прадугледжана вяртанне 3% пры аплаце праязных білетаў, заказаных на сайце Беларускай чыгункі.

— Цікава, што можа прапанаваць Беларусбанк аматарам падарожжаў?
— Для тых, хто любіць ездзіць па ўсім свеце і актыўна выкарыстоўвае ІТ-тэхналогіі, створаны клуб «Карт-бланш». Для ўступлення ў яго неабходна аформіць міжнародную бескантактную картачку MasterCard World. Што атрымлівае кліент? Бонусаў хапае. Гэта і вяртанне часткі грошай за пакупкі (у тым ліку зробленыя праз інтэрнэт) у Беларусі і за мяжой, і кэшбэк 2% пры аплаце атэляў, набыцці авія-, чыгуначных і аўтобусных білетаў за мяжой, і скідка 7% пры заказе таксі ў аэрапорт або з яго праз дыспетчарскі цэнтр 157. Можна таксама атрымаць назад 5% ад кошту білетаў звыш 50 рублёў пры аплаце праязных дакументаў, заказаных на сайце Беларускай чыгункі. У падарожжах членства ў клубе выгадна і тым, што размер узнагароджання за зняцце наяўных грошай у банкаматах за мяжой зніжаецца на 1%. Акрамя таго, кліентам прадастаўляецца магчымасць адкрыць «Інтэрнэт-дэпазіт-Трэнд Безадзыўны» (у беларускіх рублях тэрмінам захоўвання 9 месяцаў) з павышанай працэнтнай стаўкай і аформіць крэдыт «Інтэрнэт-безнаяўны» на асаблівых умовах у любы момант часу да заканчэння тэрміну дзеяння асноўнай карты, аформленай у рамках клуба.

Як я ўжо гаварыў вышэй, наша клубная сістэма актыўна развіваецца. І ў бліжэйшы час дабавіцца яшчэ адзін клуб — «Шчодры». Таксама прывабнай прапановай для кліентаў Беларусбанка з’яўляецца карта растэрміноўкі «Магніт», якая выступае адначасова як крэдытная і дэбетовая.

— Як яна працуе?
— Механізм дзеяння вельмі просты. Калі на вашым рахунку не хапае ўласных сродкаў, «Магніт» дазваляе набыць тавар за кошт авердрафтнага крэдыту пад 0,0001% з прадастаўленнем растэрміноўкі на перыяд ад 1 да 12 месяцаў — у залежнасці ад умоў дагавору аб супрацоўніцтве Беларусбанка з арганізацыямі гандлю (сэрвісу) у рамках партнёрскай праграмы. Тыя ж партнёрскія гандлёвыя сеткі гатовыя вяртаць уладальнікам карты да 12% ад цаны кожнай пакупкі, зробленай за ўласны кошт. Што датычыць гандлёвых аб’ектаў, з якімі заключаны дагаворы, іх пералік ёсць на сайце банка. Прычым і клубныя карты, і «Магніт» дзейнічаюць не толькі ў рамках дагавораў, заключаных у Паставах, а па ўсёй рэспубліцы. У выпадку адсутнасці дагавору аб супрацоўніцтве стаўка па авердрафтным крэдыце роўная стаўцы рэфінансавання Нацбанка плюс 3 прыцэнтныя пункты.

Стаць уладальнікам «Магні­та» можа любы грамадзянін старэй за 18 гадоў, які мае пастаянную крыніцу даходу на тэрыторыі Беларусі. Заяўка афармляецца праз інтэрнэт-банкінг, М-банкінг, па тэлефоне кантакт-цэнтра 147 або непасрэдна ў аддзяленні Беларусбанка. Для атрымання карты тым, у каго зарплата залічваецца на рахунак у Беларусбанку, не спатрэбіцца нават прыносіць даведку аб даходах за 6 месяцаў — дастаткова будзе прадставіць дакумент, які засведчвае асобу. Хутка, проста, а галоўнае — выгадна. Таму прыходзьце і станавіцеся ўладальнікамі нашых спецыяльных карт!

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.