Яго 91-я вясна

Личности

«Адкуль родам будзеце? — сустрэў мяне пытаннем 90-гадовы Юльян Максімавіч Павініч. — Я ўсе вёскі ў раёне ведаю — па колькі разоў аб’ехаў, калі працаваў кінамеханікам».

Хаця было гэта больш за паўстагоддзя назад, але і сёння помніцца чалавеку, бо найлепшыя і найцікавейшыя гады.

 — Пачынаў матарыстам у Пастаўскім кінатэатры, затым вывучыўся на кінамеханіка, — расказваў. — Вазілі фільмы па ўсім раёне. “Круцілі” ў клубах, школах або проста ў чыёй-небудзь хаце. Вяскоўцаў збіралася многа. Карціны цікавыя, артысты прыгожыя. Людзі глядзелі і плакалі, смяяліся, перажывалі за герояў. А пасля сеанса я браў у рукі акардэон, мой напарнік Пецька — баян, і як урэжам польку! Пачыналіся танцы. Весела было…

Усё жыццё Юльяна Максімавіча прайшло ў Казічах, што ў Юнькаўскім сельсавеце. У гэтай вёсачцы нарадзіўся, тут стварыў сям’ю і вёў сваю гаспадарку. А вось працаваў у райцэнтры, да якога рукой падаць. Гадоў пятнаццаць — кінамеханікам, а калі прыйшло тэлебачанне і яго прафесія аказалася менш запатрабаванай, уладкаваўся слесарам у вайсковую часць.

— Вельмі майстравы чалавек Юльян, — расказваў мне яго былы аднавясковец Віктар Рыгоравіч Крэскі­ян. — Меў свой млынок, кузню, сталярную майстэрню, шмат розных інструментаў, усё мог зрабіць сам.

Чалавек перажыў і Вялікую Айчынную вайну, і панаванне палякаў, і калектывізацыю. Хапіла ліха. Але ўзгадваць пра тыя цяжкія гады не асабліва хочацца.  А яшчэ яму суджана было пахаваць дзвюх жонак. Адна памерла ад хваробы, другая загінула ў аўтааварыі. Адзіная дачка Зоя ўжо на пенсіі.  Да мінулага лета стары трымаўся роднай хаты, хаця дачка даўно клікала да сябе ў Валкі. Але як пакінуць такое дарагое ўсё тое, чым жыў? І ўсё ж гэта стала непазбежнасцю. Нялёгка даўся пераезд, былі праблемы з прывыканнем да новага месца жыхарства. Ды і зараз дзядуля ўсё яшчэ нудзіцца па сваіх Казічах і роднай хаце. “Але што зробіш, знасіўся арганізм, — гаварыў. — А дачка пра мяне клапоціцца, тут я на ўсім гатовым. Апетыт маю добры, яшчэ і чарачку магу выпіць — не шкодзіць. Толькі ногі не хочуць хадзіць і адно вока не бачыць. Мне нічога не баліць, праўда, ціск часам падскоквае. Раней думаў, каб хоць да пенсіі дажыць, а ўжо і да дзевяноста дацягнуў”.

Даволі аднастайна праходзяць дні. Весялей, калі прыязджаюць у госці ўнучкі з сем’ямі. Адна жыве ў Глыбокім, другая — у Навасёлках-1. Ужо і праўнучкі падраслі. Карына, акрамя агульнаадукацыйнай школы, займаецца ў музычнай. Прадзядуля падарыў ёй свой акардэон. Так што гучаць яму яшчэ і гучаць.

16 сакавіка Юльян Максімавіч адзначыў юбілей. 91-я вясна ўвайшла ў яго жыццё. Вось каб яна і лю­дзям давала такія сілы, якімі абуджае прыроду. На жаль, у чалавеку цвіценне не паўтараецца…

Фаіна КАСАТКІНА
 Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.