Звычайныя будні

Сельское хозяйство

Ці шмат цяпер знойдзецца маладых людзей, якія б пачалі сваю працоўную біяграфію адразу пасля заканчэння школы, ды яшчэ ў сельскай гаспадарцы? А вось Марына Зелянкевіч з вёскі Хрыстова паступіла менавіта так. Праўда, было гэта 18 гадоў назад. Тады яна, выпускніца Валкоўскай СШ, ніякіх ваганняў наконт выбару далейшага шляху не мела, бо ён ужо быў пракладзены — на ферму, дзе працавала даяркай маці. Марына часта ёй дапамагала. Хоць праца і нялёгкая, але яна падабалася дзяўчыне. Падабаецца і зараз.

— Зарплата неблагая, калектыў на нашай валкоўскай ферме дружны, — расказвала. — Тры дні працую, чацвёрты — выхадны, які нам дае падменная даярка Крысціна Лягцінен. А асноўных нас трое: я, Марына Шкорнік і Святлана Емяльянчык. Стараемся не толькі мы, але і іншыя работнікі фермы, таму і паказчыкаў дабіваемся добрых.

На сельгаспрадпрыемстве “Ляхаўшчына-агра” працуе і Марынін муж Генадзій, ён — механізатар. Жывуць у яго бацькоўскім доме. Маці з задавальненнем прысвячае сябе выхаванню ўнука, дапамагае маладым спраўляцца з хатнімі справамі. А іх у сельскай мясцовасці хапае. Калі наступае ягадна-грыбная пара, Марына любіць “папаляваць” на лясныя дары і папоўніць імі харчовыя запасы.

Увазе, праяўленай карэспандэнтам газеты да яе, Марына шчыра здзівілася: “Я нічым не адметная. Звычайная вясковая жанчына”. Але менавіта на такіх, як яна, сціплых, шчырых, працавітых, і трымаецца вёска.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.