Афіцыйна прынялі ў рады гімназістаў

Образование

Хутка 12 гадоў, як у нашым горадзе адкрылася новая, адрозная ад звычайных школ, установа адукацыі — Пастаўская гімназія. За гэты час яна набыла свой імідж і традыцыі, адной з якіх стала штогадовае пасвячэнне вучнёўскага папаўнення ў гімназісты.

Звычайна, гэта свята ладзіцца ў сярэдзіне навучальнага года. Але сёлета па аб’ектыўных прычынах кіраўніцтва ўстановы перанесла яго на другую палову красавіка, даўшы тым самым будучым віноўнікам урачыстасці магчымасць лепш адаптавацца ў новых умовах — здружыцца з аднакласнікамі і прывыкнуць да педагогаў.

І вось нарэшце наступіў доўгачаканы для ўсіх пяцікласнікаў дзень афіцыйнага прыняцця іх у дружную гімназічную сям’ю. Пад гучныя апладысменты навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў у прыгожа ўбраную актавую залу, дзе праходзіла мерапрыемства, запрасілі 5 «А» і 5 «Б» з класнымі кіраўнікамі Юліяй Уладзіміраўнай Дашкевіч і Наталляй Яўгеньеўнай Болгавай. Іх вучні толькі пачынаюць свой шлях да ведаў у сценах гімназіі, якая, несумненна, стане для хлопчыкаў і дзяўчынак другім домам. Што ўяўляе сабой гэты дом і як жывуць яго насельнікі, расказалі вядучыя — дзевяцікласніца Даша Дрозд і адзінаццаці­класнік Станіслаў Цярэнцьеў. А затым слова далі пяцікласнікам, якія са сцэны вершамі і песнямі прадставілі сябе гледачам, прадэманстраваўшы намер дабіцца вялікіх поспехаў у вучобе. Імкнуцца спазнаваць новае, ставіць самыя амбіцыйныя мэты і дасягаць іх, быць актыўнымі і першымі ва ўсім, горда несці званне гімназіста пажадалі малодшым таварышам шасцікласнікі і вучні старэйшых класаў, а таксама бацькі.

Віншаванне апошніх было асабліва шчырым і запамінальным. Спачатку свае вершаваныя пажаданні новаспечаным гім­назістам адрасавала мясцовая паэтэса Марына Адамаўна Кавалёнак. Эстафету ад яе пераняла Святлана Вальдэмараўна Бразоўская, пасля чаго на сцэну выйшлі іншыя мамы і вядомы ў раёне спявак Аляксандр Апанасевіч. Іх феерычнае танцавальна-песеннае выступленне аказалася сюрпрызам для ўсіх, як і музычныя нумары ў выкананні навучэнцаў установы.

Ну а кульмінацыяй свята стала ўрачыстая клятва гімназістаў. Яе зачытала прадстаўніца 5 «А» класа Паліна Дуцкая. Услед за ёй астатнія пяцікласнікі і вучні іншых класаў, якія ў гэтым навучальным годзе паступілі ў гімназію, дружна паабяцалі быць прыкладнымі ў вучобе і паводзінах, сумленнымі ва ўчынках, не засмучацца з-за няўдач, радавацца поспехам таварышаў, паважаць працу настаўнікаў, любіць Радзіму і, канешне ж, даражыць прысвоеным званнем. Кожнаму ўручылі бэйдж са спецыяльным значком, пасведчанне і партфоліа гімназіста.

Пасля завяршэння цырымоніі слова ўзяў дырэктар установы  С. Ч. Каранеўскі. Ён адзначыў, што кожны год бацькі некалькіх дзясяткаў дзяцей з горада і раёна робяць выбар на карысць гімназіі. Так, мінулым летам у яе былі пададзены 43 заявы аб паступленні. І калі члены прыёмнай камісіі пачалі знаёміцца са спісам будучых навучэнцаў, то ўбачылі ў ім нямала дзяцей, чые браты або сёстры вучыліся ці вучацца тут. Значыць, мамы і таты давяраюць гэтаму калектыву педагогаў. Славамір Часлававіч падзякаваў бацькам за падтрымку, пажадаў ім, вучням і настаўнікам вялікіх поспехаў ва ўсім і выказаў надзею на доўгае плённае супрацоўніцтва.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте