Атрымалі пуцёўку для работы

Образование

Вераніка Казлоўская ўручае працоўную пуцёўку дырэктару каледжа Сяргею Герасіменку

У Пастаўскім дзяржаўным каледжы адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяга, працоўнага, семестра.

Мерапрыемству папярэднічала акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня памяці ахвяр СНІДу, які адзначаўся 20 мая. Яе правялі старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава і выконваючая абавязкі першага сакратара райкама ГА «БРСМ» Вераніка Казлоўская. Таццяна Мікалаеўна прынесла чырвоныя стужкі — сімвал барацьбы са СНІДам — і паветраныя шары, якія актывісты маладзёжнага саюза з кале­джа адпусцілі ў неба ў памяць пра тых, хто загінуў ад чумы ХХ і ХХІ стагоддзяў. А Вераніка нагадала юнакам і дзяўчатам пра асабістую адказнасць кожнага за здароўе сваё і сваіх блізкіх.

Пасля гэтага ў прысутнасці ўсіх навучэнцаў установы, выкладчыкаў і намесніка старшыні райвыканкама — старшыні раённага штаба, які каардынуе і кантралюе дзейнасць студэнцкіх атрадаў, Юрыя Кісялёва быў падняты Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і прагучаў гімн краіны. Юрый Мікалаевіч падзякаваў юнакам і дзяўчатам, якія працавалі ў мінулыя гады на ўборцы сельскагаспадарчай прадукцыі на палях Пастаўшчыны, за тое, што годна спраўляліся з пастаўленымі задачамі. А таксама выказаў упэўненасць, што і сёлетнія вынікі працоўнага семестра будуць такімі ж добрымі.

— Праца — магутны фактар выхавання сапраўднага чалавека, яна загартоўвае характар і дысцыплінуе, — адзначыў намеснік кіраўніка раёна. — Усё, што мы маем сёння, створана нашымі рукамі, розумам і талентам. Жадаю, каб гэты працоўны семестр быў для вас вельмі плённым і вы добра зарабілі. Беражыце сябе і давераную тэхніку, строга прытрымлівайцеся правілаў бяспекі, з радасцю ідзіце на работу і з такім жа настроем вяртайцеся дамоў.

На ўрачыстасці ўзгадалі гісторыю студатрадаўскага руху, якому сёлета спаўняецца 55 гадоў, заўважыўшы, што з кожным годам усё больш юнакоў і дзяўчат у краіне працуюць на будоўлях, у дзіцячых садах і летніх лагерах, займаюцца добраўпарадкаваннем помнікаў, паркаў і сквераў, аказваюць дапамогу вяскоўцам ва ўборцы ўра­джаю. І сёння, як і паўстагоддзя назад, штабы працоўных спраў атрымліваюць пуцёўкі для работы на аб’ектах. Каледжу такую пуцёўку ўручыла першы сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вераніка Казлоўская. Яна ў сваю чаргу пажадала юнакам і дзяўчатам, каб іх студатрадаўская пара запомнілася на ўсё жыццё, стала яркай, актыўнай і карыснай, дапамагла знайсці новых сяброў. 

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте