Балявалі ды рамансы спявалі

Культура

20 красавіка Дунілавіцкі сельскі Дом культуры на некалькі гадзін ператварыўся ў імправізаваную свецкую гасцёўню, дзе прыгожых дам і галантных кавалераў закружыў у танцах шляхецкі баль «Віват вясна!».

На званы вечар да дунілавіцкай моладзі з’ехаліся аднагодкі з Камай, Варапаева, Гуты, Парыжа, Кураполля, Андрон, Лынтуп, Палесся, Навасёлак, Ляхаўшчыны, Лукашова, Юнек, Ярэва, Валкоў і Пастаў. Прадстаўнікі суполак, а іх было восем, мелі свой колер адрознення. Гаспадары — белы, які, як вядома, прысутнічае ва ўсіх, астатнія — любы адзін з «арсенала» вясёлкі. Не абмінула баль і дарослая «местачковая шляхта». Усіх гасцей сустракалі распарадчыкі, суправаджалі да гардэроба, пакоя для гульняў, адведзенага месца ў танцавальнай зале.

Адкрыў шляхецкі баль паланэз. Ён зарадзіўся ў XV стагоддзі ў Польшчы і доўгі час з’яўляўся традыцыйным цырыманіяльным танцам-маршам на прыдворных балях. Змяніў яго бальны парны танец па-дэ-грас. Затым эстафету перанялі вальс, кадрыля, па-дэ-труа, полька ўтраіх, галоп, турдзіён і іншыя. Невялікі «лікбез» па кожным з іх праводзіла вядучая балю — арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Таццяна Карпава. У практычнай частцы засвоіць танцавальныя па моладзі дапамагала мастацкі кіраўнік Варапаеўскага ГПДК Ірына Кузьміч, якая выступала ў ролі танцмайстра. А музычнае суправаджэнне бальных танцаў, аздабляючы іх эмацыянальным уздымам і прыгажосцю жывога гучання, забяспечыў аркестр народных інструментаў Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры пад кіраўніцтвам Вольгі Тананы.

У перапынках паміж танцамі, каб крыху адпачыць і адначасова пазабавіцца, шляхцічам і шляхцянкам прапаноўвалася паўдзельнічаць у гульнях «Букет», «Капялюш», «Матылькі», «Мост» і «Яшчур». Прыхільнікі менш актыўнага адпачынку маглі паспытаць шчасця ў шашках і даміно, даведацца пра мову кветак.

Паколькі вясновы баль супаў з рамантычным часам аднаўлення прыроды, шчымлівым чаканнем сустрэч і здзяйснення мар, вельмі арганічна ў суцэльную канву танцавальнага вечара ўпляліся рамансы. У выкананні ўдзельніц вакальнай студыі (кіраўнік — Аксана Нікалаева) Лады Аляксеевай, Дзіяны Дзяменцьевай, Вольгі Нікалаевай і Кацярыны Жук, а таксама Іны Літвіновіч (Лынтупы), Крысціны Багушэвіч (Варапаева) і Аляксандры Бабюк (Дунілавічы) музычна-паэтычныя творы краналі душу сваёй спавядальнасцю і мілагучнасцю.

Неўзабаве надышоў час раскрыць і галоўную інтрыгу балю — абвясціць караля і каралеву. Каб назвацца Каралевай шашак, трэба было перамагчы ў адпаведным бліц-турніры. За яго правя­дзеннем пільна сачыла галоўны суддзя спаборніцтваў — дырэктар Ляхаўшчынскага СДК Ірына Шымук. Яна і абвясціла пераможцу. Ёй стала Паліна Куштэль з Гуты. А вось барацьба за званне «Лепшы кавалер» праду­гледжвала тры этапы. Падчас першага ўдзельнікі прадставілі свае творчыя візіткі-віншаванні «Віват вясна!». Наколькі добра кавалеры ведаюць астраномію, падкаваныя «касмічна», паказала віктарына, прымеркаваная да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі, якую правяла навуковы супрацоўнік раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Людміла Чатовіч. Яна, дарэчы, з’яўляецца і аўтарам сцэнарыя шляхецкага балю. Падчас трэцяга кункурсу юнакам неабходна было прыгожа запрасіць сваю даму і закружыць яе ў іспанскім вальсе. Ацэньвала выступленне кавалераў журы з ліку ганаровых гасцей: галоўны спецыяліст ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка, дырэктар ЦКіНТ Ксенія Грэська і справавод Дуні­лавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Кімстач. Перамогу яны прысудзілі Андрэю Малатоўніку з Варапаева. 

А на завяршэнне балю ўсе яго ўдзельнікі абмяняліся пачастункамі. Узрушаныя і шчаслівыя дамы і кавалеры пакінулі танцавальную залу пад павольную музыку.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте