Чакае няпросты сезон

Спорт

З мячом лідар каманды Уладзімір Карага

Лепшыя айчынныя футбольныя клубы ўжо вядуць барацьбу ў чэмпіянаце Беларусі. У маі пачаўся новы сезон і ў чацвёртым дывізіёне, дзе праводзяцца чэмпіянаты абласцей рэспублікі. У Прыдзвінні ў мінулыя выхадныя яму ўпершыню папярэднічалі матчы 1/4 фіналу розыгрыша Кубка Віцебскай вобласці (у гэтым турніры пастаўчане традыцыйна не ўдзельнічаюць). На гэтай стадыі ўпэўненых перамог дабіліся фаварыты — «Полацкгаз», «Камунальнік» (Сянно), а мінулагодні чэмпіён вобласці, ФК «Лепель», і каманда «Дзеткасельскі» (Гарадок) па серыі пенальці абыгралі двух сапернікаў з абласнога цэнтра і прайшлі далей.

Наша футбольная каманда пачне абласное першынство 20 мая на гарадскім стадыёне сустрэчай з ФК «Міёры». Рыхтаваў пастаўчан вопытны спецыяліст Васіль Грантоўскі, які ўключыў у склад каманды 25 футбалістаў. На жаль, у перыяд міжсезоння  калектыў недалічыўся шасцярых ігракоў асноўнага складу. Траіх прызвалі на ваенную службу, і столькі ж загуляна цяпер у розных камандах чэмпіянату Беларусі. Па словах трэнера, сезон будзе даволі няпростым, але галоўнае — удалося захаваць  цікавую маладую каманду, з якой будуць вымушаны лічыцца ўсе сапернікі.

Формула правядзення абласнога першынства засталася ранейшай, вось толькі ў нашай групе «А» будуць гуляць сёлета 6 каманд. Па выніках двухкругавога турніру папярэдняга раўнда прадоўжаць змагацца за медалі чатыры мацнейшыя з іх. А дзве слабейшыя завершаць сезон і ў наступным годзе згуляюць у 2-й лізе чэмпіянату Віцебскай вобласці.

Сапернікі ў пастаўчан даволі моцныя: палачане, лепяльчане, міёрцы, глыбачане і дэбютант — ФК «Чашнікі». Нашу каманду павядзе ў бой вопытны капітан Уладзімір Карага, а маладыя ігракі будуць браць прыклад са спрактыкаваных і тэхнічных Руслана Зелянкевіча, Ігара Павініча, Яўгена Грантоўскага, Рамана Мядзведзева, Максіма Голубева, Уладзіміра Камісарчука і іншых.

Ва ўсходняй групе «Б» уступяць у барацьбу каманды з Талачына, Дуброўна, Гарадка, Шуміліна, Сянно і дзве з абласнога цэнтра. Летась пастаўскія футба­лісты ў чэмпіянаце вобласці згулялі ў сваю сілу, занялі 6-е выніковае месца сярод 14 клубаў. У гэтым годзе паўтарыць такое дасягненне ім будзе няпроста, але абноўленая каманда «Паставы-ПМЦ» рыхтавалася да сезона старанна і пастараецца парадаваць сваіх прыхільнікаў прыгожай камбінацыйнай гульнёй.

Уладзімір ШЫК
Фота Антона Чаляя