Чаромхавы цвет

2018 год — Год малой радзімы

Калі нарэшце, уздыхнуўшы з палёгкай, Кацярына ступіла на ганак бацькоўскага дома, вечарэла. Пасля тлумнага горада, гаваркіх суседзяў у вагоне вясковы веснавы прастор, спакой і цішыня ахінулі жанчыну цёплымі абдымкамі. Хата пуставала ўжо два гады — з тае пары, як памерла маці. А без бацькі сям’я засталася даўно, Каці тады споўнілася ўсяго 10 гадоў. Прадаць яго пад дом ці дачу не паднімалася рука. Вясной, асабліва калі зацвіталі сады, старалася наведаць малую радзіму.

Кацярына расчыніла насцеж вокны і дзверы — у хату палілося цёплае паветра. Прынесла абярэмак дроў, распаліла ў грубцы і з кубкам гарбаты села на зэдлік. Шчымлівыя, поўныя крыўды і жалю думкі не пакідалі Кацярыну ўсю дарогу. Яна быццам скамянела ад балючых і жорсткіх слоў мужа: “Я кахаю іншую. У нас будзе дзіця, якога не дачакаўся за 14 гадоў сумеснага жыцця з табой”. І вось цяпер, се­дзячы каля агню ў старым бацькоўсім доме, яна адагрэлася, расслабілася, і слёзы пацяклі па яе твары ціхімі ручаямі.

Выплакаўшыся, паслала сабе на цёплай ляжанцы, прымураванай да грубкі. Спала моцна і доўга.  У сне прыйшла да яе матуля і, паклаўшы галаву дачкі на калені, перабірала валасы шурпатымі далонямі, шаптала, што яна ў яе такая прыгожая, ёй усяго 36 гадоў, а дачушку сваю знойдзе ў чаромхавым цвеце.

Прачнулася, калі майскае сонца высока зіхацела ў сінім небе, птушыны хор ад душы славіў хараство веснавога дня. Выцягнула з калодзежа вядро вады, занесла ў лазню і з асалодай аблілася, як быццам змыла з сябе жыццёвыя няўдачы і горыч. Хуценька паснедала, і ногі самі панеслі яе да возера. Колькі прыемных успамінаў звязана з ім! На возеры ў 16 гадоў сустрэла і сваё першае каханне.

Лёнік быў на два гады старэйшы за яе, вучыўся ў прафтэхвучылішчы, жыў у суседняй вёсцы. Кацярыне захацелася наведаць месца іх спатканняў — вялікі камень ля самай вады, пад раскідзістай чаромхай. Яе галінкі той далёкай вясной аж гнуліся пад цяжарам суквеццяў, надзейна закрываючы схованку закаханых. А летам гойдаліся каля самых ног кветкі лілей з беласнежнымі пялёсткамі.

Кацярына ўспомніла, як балела яе сэрца, калі Лёнік пайшоў у войска. Служыў на Далёкім Усходзе, лісты прыходзілі нячаста. Яна скончыла школу і паступіла ў швейнае вучылішча, скончыўшы, уладкавалася швачкай. Лёніка чакала шчыра, амаль нікуды не хадзіла, на заляцанні не звяртала ўвагі. У чарговы прыезд да маці ў вёску пачула, што Лёня застаўся на звыштэрміновую службу і… ажаніўся. На здзіўленне, спакойна перажыла навіну, толькі ў вачах згаслі гарэзлівыя агеньчыкі. Праз два гады выйшла замуж, з інтэрната перасялілася ў двухпакаёўку мужа. Ён быў чалавекам спакойным і разважлівым, жылі ў згодзе, толькі дзетак не было. А тыдзень назад даведалася, што ў яго ёсць палюбоўніца. Калі задала яму пытанне, атрымала катэгарычны адказ: “Нажыўся, разводзімся! У нас з ёй будзе дзіця. Шукай сабе жыллё”.

Запаволіўшы хаду, у задуменні выйшла на бераг возера. На камені, каля самай вады, сядзеў мужчына. Побач на мешкавіне ляжаў абярэмак чаромхавага цвету. Чалавек павярнуўся, пачуўшы крокі, і Кацярына пазнала… Лёніка. Разгублена яны глядзелі адно на аднаго.

— А я ведаў, што ты прыехала: увесь вечар у вашым доме цеплілася печ. Вось прыйшоў на наша месца, — ціха прагаварыў ён.

Кацярына без сіл прысела на камень, папраўляючы растрапаныя валасы, вытрасаючы з іх калючкі і ігліцу. Па шыі забегалі нейкія казяўкі. Жанчына войкнула, стараючыся стрэсці іх.

— Давай дапамагу, — пацягнуўся да яе Лёнік і моцна дзьмухнуў, зганяючы дакучлівую брыдоту.

Вусы заказыталі далікатную скуру на шыі, Кацярына здрыганулася і ўсхвалявана ўцягнула ў сябе паветра. Рэзка адхінулася і, не ўтрымаўшыся на камені, скацілася на чаромху. Як каля яе апынуўся Лёнік, Каця не памятала, і першы пацалунак таксама. Гэта быў не проста пацалунак. Яны пілі адляцеўшае юнацтва і гэту вясну. Горкі водар чаромхі хваляваў кроў, і яны задыхаліся ад апанаваўшага іх пачуцця, быццам і не было тых дваццаці гадоў, якія, здавалася, разлучылі іх назаўсёды. Прыціснуўшыся да яго грудзей, Каця адчувала сябе самай шчаслівай на свеце, а ён гладзіў яе твар, цалаваў валасы і шаптаў нешта пяшчотнае, зразумелае толькі ім. Яны нібы плылі ў сонечных хвалях, не зважаючы на час, а азёрная роўнядзь, зайздросная да людскога кахання, сарамліва адвярнулася ад іх.

Кацярына вярнулася дамоў прыцемкам. Нешта з’ела і, знясіленая, заснула. Зноў снілася маці. Яна смяялася і гаварыла ёй пра ўнучку, прыгожую як майскі дзень, з бялявымі, бы чаромхавы цвет, валасамі.

Прайшло тры месяцы. За гэты час Кацярына развялася з мужам, звольнілася з працы на фабрыцы і ўладкавалася ў швейнае атэлье ў сваім раённым цэнтры. Жыла на здымнай кватэры, рамантавала бацькоўскі дом. Яна ведала, што носіць пад сэрцам дачушку. Планавала прывезці яе ў родную хату, дзе бацькі далі ёй хлеб, навучылі першым словам, малітвам і песням.

Супрацоўнікі атэлье часта бачылі побач з ёю прыемнага высокага мужчыну з пшанічнымі вусамі, які замілавана гля­дзеў на Кацярыну. А яна свяцілася той асаблівай прыгажосцю жанчыны, і ў вачах, поўных азёрнага блакіту, зноў засвяціўся радасны бляск.

Так ужо ўстроены людзі: чамусьці бягуць з таго месца, дзе іх моцна і аддана любілі, руйнуюць пачуцці і жыццё. Бог прабачае ім, вучыць быць шчаслівымі, пераадольваць боль і страты, смяяцца і спа­дзявацца.

Нэлла ЛОСЬ



1 комментарий по теме “Чаромхавы цвет

Comments are closed.