Ціхі свет роднай старонкі

2018 год — Год малой радзімы Общество

Менавіта ёй прысвяцілі вечар-сустрэчу работнікі раённага Дома культуры. А героямі сталі людзі, дзяцінства і юнацтва якіх прайшлі далёка ад Пастаў. Па волі лёсу яны аказаліся ў нашым горадзе, і з часам ён стаў для іх таксама дарагім.

— Нарадзіўся і вырас у старажытным Полацку, — прадставіўся Валянцін Пятровіч Жагула, дырэктар Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў. — Дом стаіць на беразе Дзвіны, дзе я і бавіў вольны час. Палюбіў рыбалку. І калі пасля заканчэння музычнага вучылішча па размеркаванні трапіў у Варапаева, найбольш рады быў таму, што ёсць дзе рыбачыць. А ўпершыню на Пастаўшчыне пабываў чацвёртакурснікам — мы, маладыя музыканты, праходзілі практыку ў Груздаўскім цымбальным аркестры. Прывабілі маляўнічая прырода, адкрытыя людзі.

Больш за 50 гадоў В. П. Жагула кіруе не толькі калектывам школы, але і ансамблем народнай музыкі «Заранка», які ў 2001-м атрымаў званне народнага. А з малой радзімай звязвае бацькоўскі дом, у якім жыве сястра, надзейныя сябры дзяцінства, братэрства якіх існуе і па сённяшні час. Хоць жывуць у розных гарадах, кожны год адной кампаніяй адпраўляюцца куды-небудзь на адпачынак з палаткамі. За гэты час аб’ехалі не толькі маляўнічыя куточкі Беларусі, але і былога СССР, пабывалі за мяжой. Агульны «стаж» пражывання ў палатках — больш за 4 гады.  

Добра ведаюць пастаўчане яшчэ аднаго героя вечара — Сяргея Генадзьевіча Сядых, кіраўніка ваенна-спартыўнага клуба «Азімут». А любоў да спорту і турызму зарадзілася ў яго на малой радзіме — у пасёлку Савецк (назву атрымаў пасля рэвалюцыі 1917 года) Кіраўскай вобласці.

— Слухаючы пра пераходны ўзрост, нярэдка задумваўся: а што гэта такое? — гаварыў Сяргей Генадзьевіч. — У мяне і маіх сяброў яго не было. Мы пастаянна мелі заняткі для душы: хадзілі ў паходы, сплаўляліся на байдарках па рацэ, займаліся рознымі відамі спорту, авія- і судамадэліраваннем. З дзяцінства бацькі выхоў­валі ў строгасці, паслухмянасці. У школу хадзілі за некалькі кіламетраў. Зімой нас падвозілі на машыне. Аднаго разу дарогу так замяло, што вадзіцель не рызыкнуў ехаць. Школьнікі засталіся дома. Я з радасці стаў на лыжы і памчаў да мамы на фельчарска-акушэрскі пункт. А вечарам яна прымусіла напісаць распіску аб тым, што больш ніколі не прагуляю заняткаў.

Прывучаны да дысцыпліны, ён без роздуму выбраў прафесію ваеннага, якая і закінула ў Паставы. Планаваў пасля выхаду на пенсію адправіцца ў родны Савецк, які яшчэ называюць Трохрэччам, бо тут зліваюцца тры ракі. Горад заснаваны ў 1594 годзе. Тут была купецкая слабада Кукарка, захаваліся пабудовы ў рускім стылі. Але Паставы прывязалі сябрамі і клубам «Азімут», сярод выхаванцаў якога ёсць пераможцы чэмпіянатаў свету і Еўропы. Прызёрам іх з’яўляецца і сам кіраўнік (пяты дан). Ён — лаўрэат звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2011».

— Калі прыехаў у Паставы, першае, што падумаў, — глуш, — дзяліўся ўражаннямі С. Г. Сядых. — Але адбыліся радыкальныя перамены: горад стаў прыгожым. Цяпер госці, якія бываюць тут, называюць яго еўрапейскім. І ўсё ж часам так хочацца на рэчку Піжму — акунуцца ў яе воды і ў дзяцінства…

— Ёсць дзве рэчы, якія не выбіраюць, — гэта бацькі і радзіма, — так пачала расказ пра сябе спецыяліст па вакальна-харавым жанры Цэнтра народнай творчасці і культуры раёна, кіраўнік вакальнай студыі «Славія» Аксана Анатольеўна Нікалаева. — Я нарадзілася ў сталіцы сонечнага Таджыкістана — Душанбэ. Маіх продкаў, рускіх па нацыянальнасці, у гэту краіну таксама закінуў лёс. Таджыкістан надзвычай прыгожы: высокія горы, на вяршынях якіх нават летам ляжыць снег. Яны мяняюць свой колер у залежнасці ад пары года: калі цвіце міндаль — ружовыя, а зацвітаюць дзікія цюльпаны і макі — горы становяцца чырвонымі. На сонцы робяцца жоўтымі. Таджыкістан — край рэк, дзе прайшло маё дзяцінства. І мне пастаянна не хапае сонца і цёплай рачной вады.

Сям’ю Аксаны Нікалаевай з абжытага месца сарвала грамадзянская вайна, падчас якой найбольшая небяспека пагражала рускім. Жанчына са слязамі ўспамінае таджыка, які яе, 18-гадовую, уратаваў ад смерці.

Тэрмінова прадалі жыллё, выручаных  грошай хапіла толькі на тое, каб адправіць кантэйнер на новае месца жыхарства. У яго паклалі самае неабходнае і дарагое сэрцу, што і зараз напамінае пра шчаслівы час, людзей, з якімі жылі побач і сябравалі. На выставу, прысвечаную малой радзіме, А. А. Нікалаева прынесла нацыянальны посуд Таджыкістана, цюбецейку, хусткі. Таму з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца не толькі расказ пра цёплую краіну, шчырых лю­дзей, святы, традыцыі і абрады, але і эксклюзіўныя рэчы. 

Аляксандр Мікалаевіч Іванькоў — намеснік дырэктара лясгаса, нара­дзіўся ў вёсцы Кульшычы Слаўгародскага раёна Магілёўскай вобласці. Там былі магазін, Дом культуры, стадыён, сярэдняя школа, у якой вучылася больш за 150 дзяцей. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС кульшачан перасялілі ў Глускі раён, а вёску зруйнавалі. Аляксандру тады было 17. Ён паступіў у Беларускі сельскагаспадарчы інстытут глебазнаўства і аграхіміі. Там пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Сямейнае жыццё пачалі ў Мінску, а ў 1993 годзе пераехалі на радзіму Алены — Пастаўшчыну.

— Прайшлі гады, але ўспаміны пра мясціны, дзе нарадзіўся і вырас, часта вярэдзяць душу, — гаварыў Аляксандр Мікалаевіч. — Наведваю магілы продкаў. Вось і сёлета пабываў там на Радаўніцу. На месцы былой вёскі растуць дрэвы. Птушкі не спяваюць. Ад такой цішыні становіцца жудасна. Заязджаю да сястры, якая жыве ў Гомельскай вобласці. Разам узгадваем дзяцінства, землякоў, нашы прыгоды. Я прырос да Пастаў. Тут нарадзіліся сын і дачка, унукі, з’явілася мноства сяброў. Але край дзяцінства з сэрца не выкінуць…

Радзіма Алега Віктаравіча Жаўнова — Добруш. Там ён закончыў сярэднюю і музычную школы. Паступіў у Магілёўскае музычнае вучылішча, а потым яго прызвалі на тэрміновую службу.

— Былі ўсе перадумовы, што траплю ў Афганістан, — расказваў Алег Віктаравіч. — Але мой музыкальны талент прыкмеціў Мікалай Анатольевіч Карпенка (пастаўчане памятаюць яго як таленавітага саксафаніста), і мяне перавялі ў Паставы. Служба была звязана з вядомым у той час ансамблем «Сучаснікі», які дзейнічаў пры Доме культуры Савецкай Арміі (так называўся Дом культуры па вуліцы Станкевіча).

Да Пастаў А. В. Жаўнова прывязала каханне, а ад радзімы адарвала катастрофа на ЧАЭС.  Пасля вяселля маладая сям’я планавала паехаць у Добруш. Але, бываючы ў бацькоў, адчувалі недамаганне. Таму і іх у пачатку 90-х перавезлі ў наш райцэнтр.

— Добруш — старажытны і прыгожы горад, — успамінаў Алег Віктаравіч. — Праз яго працякае рака Іпуць, а на ёй 16 мастоў. Працуюць папяровая фабрыка і фарфоравы завод. Вельмі сумую па доме. Бацькі пабудавалі яго сваімі рукамі. Ужо тады, у 1971 годзе, у нас быў прыродны газ і ўсе выгоды. Прадалі, як кажуць, з малатка. Бацькі цяжка перажывалі перамену месца жыхарства, можа, таму рана адышлі ў свет іншы. А я прыкіпеў душой да Пастаў. І калі б прапанавалі жыць, скажам, у Мінску, не згадзіўся б.

На мерапрыемстве кнігу пра родную вёсачку Савічы прэзентавала яе аўтар Рэгіна Норбертаўна Ластоўская. Парадавалі выступленнямі саліст тэатра песні раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Арсеній Леўшын са сваім кіраўніком Алегам Жаўновым, салісты Людміла Логінава, Ірына Трафімава, Лізавета Загурская, Яна Запольная, вакальная група народнага хору ветэранаў працы пад кіраўніцтвам Паўла Пятровіча Рагіні. Усю цеплыню сэрца ўклала ў мерапрыемства вядучая Таццяна Кухальская. Вечар атрымаўся змястоўным і шчырым. З затоеным дыханнем прысутныя слухалі герояў сустрэчы, і кожны ў думках хоць на хвіліну вяртаўся на сваю малую ра­дзіму, бег сцежкамі дзяцінства.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч