Днём і ноччу

Сельское хозяйство

Навучэнец трэцяга курса Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Ілья Бароўка ў гэтыя дні праходзіць вытворчую практыку ў ААТ «Кураполле-агра»

У спрыяльныя гады ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Кураполле-агра» засявалі азімымі па тысячы і больш гектараў. Мінулай восенню зацяжныя даж­джы настолькі пераўвільгатнілі глебу, што работа тэхнікі на ёй стала немагчымай. У выніку курапольцы змаглі засеяць усяго 318 гектараў. Неўзаранай засталася глеба. На 134 гектарах з 230 пасеяных загінуў рапс. Таму аб’ём работ у веснавым полі вельмі вялікі — яравую сяўбу трэба правесці на 3892 гектарах, у тым ліку зерневых — на 2582, 620 га павінен заняць рапс, 440 — кукуруза, 150 — лён, 100 — аднагадовыя культуры.

Павел Геронцьевіч Болт

— Землі ў нас цяжкія, нізінныя, — гаварыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Іванавіч Ромель, — таму Курапольшчына ніколі не лідзіравала ў раёне па тэмпах пасяўной. Не выключэнне і гэты год. Па стане на 4 мая мы пасеялі 1176 гектараў яравых культур, на 1324-ох глеба падрыхтавана пад cяўбу. Работы ў полі вядуцца днём і ноччу. У першую змену, якая доўжыцца з 6 да 20 гадзін, на падрыхтоўцы глебы вызначаюцца Анатолій Барадай, Аляксандр Дзмітровіч, Валерый Адынец, Валерый Баравік, Анатолій Чарэнка. Працаваць у другую змену, з 20-ці вечара да 6-ці раніцы, намнога складаней, тут патрабуюцца асаблівая адказнасць і найвышэйшае майстэрства. Менавіта такімі якасцямі і валодаюць Мікалай Адынец, Анатолій Шваякоў, Аляксандр Бондар, якія і на начных палетках дабіваюцца высокай выпрацоўкі. А расцэнкі за аб’ёмы работ (а гэта ворыва і падрыхтоўка глебы), выкананыя ў начную змену, на 40 працэнтаў вышэйшыя за звычайныя.

Юлія Дружынская і Наталля Яначкіна

Сяўба вядзецца толькі ў светлы час сутак. На трактарах з сеялкамі працуюць таксама вопытныя і адказныя механізатары: Павел Болт, Юрый Усовіч, Валерый Станюш, Аляксандр Яначкін. Аднаго з іх, Паўла Геронцьевіча Балта, сустракаем у полі за Андронамі — сее рапс. Настрой аптымістычны. Ён лідзіруе сярод механізатараў гаспадаркі, на асабістым рахунку — 128 гектараў засеянага ячменю і больш за 300 — рапсу. А вось у яшчэ аднаго з лепшых механізатараў Віктара Шымковіча гараць нервы: такі прыпар, а яго энерганасычаны трактар з-за няспраўнасці ўсё яшчэ не ў полі. Але запчасткі куплены, рукі ў чалавека залатыя — і ёсць надзея, што сёння-заўтра ён зможа прыступіць да ворыва глебы. Тут жа, у майстэрні, набіраецца вопыту ў старэйшых навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Ілья Бароўка. Гэта яго другая па ліку практыка ў родным Кураполлі, дзе вырас і закончыў школу, а таксама з маленства навучыўся азам механізатарскай справы, якія перадаваў і працягвае перадаваць бацька — па прафесіі механізатар і вадзіцель аўтамабіля.

Смачна есці!

Куды ні кінь вокам — усюды кіпіць работа. У тым ліку і ў мясцовай сталовай. Яе загадчыца Юлія Дружынская расказвае, што зараз гатуюць стравы на паўсотню чалавек. Упраўляюцца ўтрох: яна, повар Наталля Яначкіна і практыкантка з каледжа Вікторыя Ляўкова. Удзельнікаў пасяўной кормяць не толькі гарачымі абедамі, але і гарачай вячэрай. Тыя, хто працуе на месцы, прыходзяць у сталовую, іншым развозяць абеды па палях. Меню разнастайнае і каларыйнае. «Гатуем, як у рэстаране, — гаварыла повар Наталля Яначкіна. — Нават булачкі, беляшы, піцу выпякаем».

І гэта правільна. Калі папрацуеш фізічна, то і прагаладаешся. А ўдзельнікам пасяўной трэба мацаваць сілы, бо наперадзе яшчэ вельмі многа работы.

Фаіна КАСАТКІНА