ДОМ-ТРАНСФОРМЕР: са старога зрабіць унікальны


Спытай у любога лынтупчаніна, дзе ў пасёлку знаходзіцца гасцявы дом-трансформер, адкажа, думаю, не кожны. Сама была здзіўленая, калі выпадкова ў сацыяльнай сетцы Facebook знайшла старонку з прапановай адпачыць у месцы з такой інтрыгуючай назвай. Што гэта — гасцініца? Дача? Адказы на пытанні могуць даць толькі гаспадары, якія адразу згаджаюцца на сустрэчу.

«Аўтар праекта гасцявога дома — майстар па фатаграфіі, відэамейкер у душы і на практыцы, вопытны прадпрымальнік па неабходнасці, бакалаўр аўдыёвізуальных мастацтваў па адукацыі (скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт)». Так расказвае пра сябе ў інтэрнэце гаспадар дома Аляксей Кужко. Натхняе і ва ўсім дапамагае жонка Вікторыя.

Знаёмімся асабіста. Маладая сям’я жыве ў Маладзечне, у гарадской кватэры, але адчувае сябе там не зусім утульна — і Аляксей, і Вікторыя з дзяцінства любяць прыроду і прастору. Таму гадоў пяць назад заняліся пошукам жылля ў сельскай мясцовасці. Ды не звычайнага, а з асаблівай атмасферай.

У адной з першых аб’яў звярнулі ўвагу на дом на самым ускрайку Лынтуп. Апісанне спадабалася, і, нягледзячы на тое, што ад Маладзечна больш за сотню кіламетраў, паехалі глядзець.

— Упершыню мы трапілі сюды халоднай, сырой восенню, — успамінае Вікторыя. — Зайшлі ў дом — і на душы стала спакойна і ўтульна. Так, ён далёка не новы, будаваўся яшчэ за польскім часам, па дакументах — у 1933 годзе (хаця мясцовы краязнаўца Алесь Гарбуль сцвяр­джае, што дом пабудаваны на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, дзесьці ў 1895 ці 1897 го­дзе, — аўт.). Тут цалкам захавалася атмасфера амаль векавой даўнасці, мала што перабудоўвалася. Мяне адразу ўразі­ла столь вышынёй амаль тры з паловай метры — столькі свабоды, паветра! Дзеці нават на батуце дома скакалі! Паўсюль лес. Адным словам, «нарваліся» на сваё. І больш варыянтаў не шукалі.

Усе рамонтныя работы Аляксей выконвае самастойна. Прызнаецца: па атрыманай у ВНУ спецыльнасці дызайнера не працаваў ні дня. Затое як яна дапамагае падчас рэканструкцыі дома! Ступаеш за яго парог — і адразу адчуваеш крэатыўны падыход да справы. Ва ўсім. Вось, напрыклад, у агульным з кухняй і гасцёўняй пакоі прама пад акном усталяваная… вялікая ванна. Вось сучасная бытавая тэхніка, а вось печка з польскімі запісамі на дзверцах. На цаглянай сцяне — аўтарскія фатаграфіі. Гэта сапраўды дом, які хочацца доўга разглядаць.

— Мая галоўная задача — па максімуму захаваць непаўторны каларыт будынка, — расказваў Аляксей. — Вокны не ўстаўляў — рэстаўраваў старыя. Дарэчы, дзіркі ў рамах былі пазатыканыя даўнейшымі, ужо зжаўцелымі польскімі газетамі. Знаходзіў і іншыя цікавыя «артэфакты» тых часоў. 

Напрыклад, з-пад шалёўкі вывалілася італьянская манета 1925 года вартасцю ў 50 санцімаў. Думаю, яе на ўдачу заклалі будаўнікі — ёсць у іх такая традыцыя. Пад падлогай знайшоў вельмі арыгінальную бутэльку з-пад нейкага медыкамента. Упэўнены, што яна часоў Першай сусветнай вайны, бо ў Лынтупах тады былі шпіталі, і лекі маглі захавацца ў мясцовых жыхароў. А ў двары знайшоў чыгуначную пломбу, на якой пазначана дата «12.07.1931 года». Справа ў тым, што ў доме заўсёды жылі людзі, якія працавалі на мясцовай чыгунцы. І сёння побач з ім захавалася напаўразбураная сцяна ранейшага дэпо. Наогул, мяне вельмі ці­кавіць гісторыя пасёлка, чыгункі ў прыватнасці, я заўсёды ў пошуку разнастайнай краязнаўчай інфармацыі.

На гарышчы Аляксей знайшоў рэшткі чарапіцы, якой першапачаткова быў накрыты дах. І не страчвае надзеі, што ў будучыні ўдасца вярнуць арыгінальны знешні выгляд дома 30-х гг. Аляксей і яго жонка нераўнадушныя да ўсіх правераных часам рэчаў. Машына ў іх, напрыклад, таксама рарытэтная. Любавацца на яе ў гаражы сэнсу не бачаць — яна заўсёды ў справе.

Пастаянна жыць у Лынтупах сям’я не плануе. Прыязджаюць па магчымасці — у залежнасці ад пары года бываюць тут ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў. Таму інфармацыю пра дом размясцілі на адным з сайтаў па здыме жылля, каб паглядзець, ці будзе ён карыстацца попытам. Паступова турысты пачынаюць праяўляць інтарэс. Для камфорту створаны ўсе ўмовы: санвузел, гарачая вада, нават падлога з падагрэвам. Даўніна даўніной, а на дварэ ХХІ стагоддзе.

— Мы ў курсе культурнай «движухи», якая распачалася ў Лынтупах у апошнія гады, — гаварыла Вікторыя. — У многім на яе і разлічваем. Падтрымліваем сувязь з заснавальнікам Лынтупскага культурнага цэнтра «Культыватар», радуе, што так многа творчых людзей аб’ядноўвае арт-вёска Каптаруны. Упэўнены, што гэта дасць імпульс развіццю турыстычнага патэнцыялу рэгіёна. Прызнаемся ўсё ж, што здача дома ў арэнду для нас не самамэта, куды больш важна мець штосьці сваё, арыгінальнае.

Пакуль жа асноўнымі гасцямі ў доме з’яўляюцца сябры сям’і. Праўда, многіх спыняе адлегласць. Але тыя, хто даязджае, застаюцца ў поўным захапленні. У двары, пад соснамі, аплеценымі віна­граднікам, абуладкавана месца для адпачынку. Вось дзе сапраўдная ідылія! Падабаецца і дзецям. Алісе 12 гадоў, Яну — 5. Яны, як і бацькі, у горадзе сумуюць па Лынтупах і заўсёды просяцца туды паехаць.

Пакуль рамонт зроблены толькі адной паловы дома, агульная плошча якога, дарэчы, каля ста квадратных метраў. Аляксей паказаў і другую — там работы толькі пачынаюцца. Паглядзіш на голыя сцены, падлогу — і не верыцца, што з часам тут будзе гэтак жа душэўна і камфортна. «Не скажу, што рамонт — гэта лёгкая праца, але калі ёсць жаданне і натхненне, то ўсё пад сілу», — рэзюмаваў малады гаспадар.

Іна МІКУС
Фота аўтара і з архіва Аляксея Кужко