Феерверк колераў і жанраў


Танцавальны калектыў Пастаўскай гімназіі «Амбішнс»

Так у двух словах можна ахарактарызаваць фестываль харэаграфіі «Танцавальны мікс», які шмат гадоў праводзіцца раённым Домам культуры напярэдадні Сусветнага дня танца (адзначаецца 29 красавіка).

За час свайго існавання свята грацыі і руху набыло немалую папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў. Нездарма з кожным годам колькасць яго ўдзельнікаў, як і гледачоў у зале, няўхільна расце. Сёлета кінуць выклік сваім сапернікам на раённай сцэне вырашылі 15 калектываў і іх падгруп з устаноў адукацыі і культуры Пастаўшчыны. Усе яны былі раздзелены на дзве ўзроставыя катэгорыі: 6—11 і 12—17 гадоў — і прадстаўлялі танцавальныя нумары ў самых розных жанрах.

Студыя сюжэтна-пастановачнага танца «Мара» РДК

Першымі на сцэну вый­шлі малодшыя ўдзельнікі, парадаваўшы не толькі маляўнічымі касцюмамі, але і цікавымі пастаноўкамі, добрай харэаграфіяй. Танцавальны паядынак прадоўжылі іх старэйшыя таварышы, якія ўра­зілі арыгінальнасцю падачы класічных танцаў, у прыватнасці вальса, і разнастайнасцю сучасных стыляў і напрамкаў. Як заўсёды, няпроста было членам журы пад старшынствам дырэктара РДК Алы Чарнюк выбраць пераможцаў і размеркаваць іншыя прызавыя месцы. Тым не менш пасля бурнага абмеркавання вынікаў выступленняў гэта ўдалося зрабіць.

У малодшай узроставай катэгорыі трэцяе месца заняў танцавальны калектыў «Скай Дэнс», падгрупа «Зорачкі», раённага Цэнтра дзяцей і моладзі (кі­раўнік — Юлія Петухова). Другое месца ў студыі сюжэтна-пастановачнага танца «Мара» раённага Дома культуры (кіраўнік — Алеся Глазко). Першае раздзялілі паміж сабой ансамблі «Дзяцінства» Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік — Алена Салавей) і «Пралескі» Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза (кіраўнік — Анастасія Логінава).

Ансамбль «Дзяцінства» з Навасёлак

У старэйшай узроставай катэгорыі трэцяе месца дасталася падгрупе «Ззянне» калектыву «Скай Дэнс». На другім размясціліся тэатр танца «Непаседы» РЦДМ (кіраўнік — Валянціна Бахановіч) і ансамбль «Дзяцінства» з Навасёлак. Ну а пераможцам, як і ў папярэднія гады, стаў калектыў «Амбішнс» Пастаўскай гімназіі (кіраўнік — Вераніка Мелехавец).

Уручаючы дыпломы ўдзельнікам фестывалю, Ала Чарнюк падзякавала ім, бацькам і педагогам за падоранае свята. А таксама паабяцала юным танцорам, што іх абавязкова будуць запрашаць для ўдзелу ў розных канцэртах і святах.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте