Галоўны наказ – ісці працаваць

Правовое поле

З 9 па 15 красавіка на тэрыторыі рэспублікі па лініі Міністэрства ўнутраных спраў краіны праводзіўся спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Нагляд”. У яго рамках на Пастаўшчыне адбылося сумеснае пасяджэнне назіральнай камісіі і гарадскога савета грамадскага пункта аховы правапарадку, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў.

Месцам правядзення пасяджэння выбралі раённы аддзел унутраных спраў, куды запрасілі асоб, якія маюць судзімасць і знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Члены назіральнай камісіі і савета ГПАП спрабавалі вырашыць пытанне іх рэсацыялізацыі — знайсці магчымыя варыянты працаўладкавання і дапамагчы справіцца з алкагольнай або наркатычнай залежнасцю. Таксама разглядаліся канкрэтныя сітуацыі, якія прывялі названых вышэй грамадзян да беспрацоўя, праводзіліся індывідуальныя прафілактычныя гутаркі з парушальнікамі грамадскага правапарадку і тымі, хто не выконвае сваіх бацькоўскіх абавязкаў.

На кожнага з 20 запрошаных начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Д. А. Салагуб зачытваў характарыстыку, якая ўключала ў сябе адрас пражывання грамадзяніна, яго сямейнае становішча, за што быў асуджаны і якое пакаранне адбывае, пералік правапарушэнняў (калі яны ёсць) і прычыну, па якой не працуе. Затым падключаліся іншыя члены камісіі. Яны высвятлялі дэталі пачутага і акрэслівалі перспектывы для асобы, якую на дадзены момант разглядалі. Як правіла, перспектывамі былі “пуцёўкі” ў абласную псіхіятрычную бальніцу “Слабодка” ці ў лячэбна-працоўны прафілакторый або ўзбуджэнне новай крымінальнай справы. Каб пазбегнуць гэтага, асобныя грамадзяне запэўнівалі, што кінуць піць і ўладкуюцца на работу. Некаторыя яшчэ да пасяджэння самастойна знайшлі яе ў сельгасарганізацыях або на прадпрыемствах раёна ці пабывалі там з мэтай працаўладкавання.

Але большасць асуджаных свядома не жадаюць працаваць, пра што сведчыць наступны факт. Многім з іх тэлефанавалі з аддзела сацыяльна-працоўных адносін і занятасці насельніцтва райвыканкама і прапаноўвалі работу. У адказ — бяздзеянне або абаненты наогул не падыходзілі да тэлефона. Усім непрацуючым галоўны спецыяліст памянёнага аддзела Л. С. Рымша загадала на наступны пасля пасяджэння дзень з’явіцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Асобам, якія нядаўна выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, параілі таксама звярнуцца ў ТЦСАН па бясплатную юрыдычную, псіхалагічную і матэрыяльную дапамогу, а адной грамадзянцы паабяцалі пасадзейнічаць у атрыманні пашпарта.

Ці будуць мець эфект гэтыя меры, пакажа наступнае пасяджэнне назіральнай камісіі.

Алена ШАПАВАЛАВА