І начальнік, і паштальён

Личности

У паштовай галіне Наталія Мікалаеўна Мурзо (на здымку), можна сказаць, навічок. Але гэта адносіцца толькі да працоўнага стажу. Па ўсіх астатніх паказчыках яна — сапраўдны прафесіянал. Пра гэта сведчыць і той факт, што аддзяленне паштовай сувязі «Кураполле», якое яна ўзначальвае, па выніках раённых спаборніцтваў сёлета прызнана найлепшым сярод анала­гічных структурных падраздзяленняў.

Паштальёнам у аддзяленне паштовай сувязі «Кураполле» Наталія Мікалаеўна ўладкавалася ў верасні 2015-га. Да гэтага больш за трыццаць гадоў адпрацавала на льнозаводзе і два — у Пастаўскім мэблевым цэнтры. Памяняць месца работы і гарадскую прапіску на вясковую прымусілі сямейныя абставіны. Не палохаючыся цяжкасцей, набылі з мужам дом у Кураполлі, абзавяліся гаспадаркай (а гэта сапраўдная міні-птушкафабрыка: тут і куры, і качкі, і гусі, і індыкі, і цацаркі; ёсць парсючкі), пачалі вырошчваць кветкі на продаж. І не пашкадавалі пра кардынальныя жыццёвыя змены.

Праз паўгода працы Наталіі Мікалаеўне прапанавалі сумяшчаць дзве пасады — начальніка аддзялення і паштальёна. Павагаўшыся, згадзілася. Страхаванне маёмасці, прыём, апрацоўка, перасылка і дастаўка паштовых адпраўленняў, афармленне пад­піскі на газеты і часопісы, выплата пенсій, дапамог, грашовых сродкаў за зда­дзеную сельгаспрадукцыю, прыём плацяжоў і пераводаў, рознічны гандаль, афармленне заказаў у інтэрэт-магазіне «Белпошты» — вось толькі частка яе службовых абавязкаў. І спраўляецца яна з імі выдатна. Пра гэта ў адзін голас сцвярджалі і калегі, і кліенты, адзначаючы яе працавітасць, дысцыплінаванасць, уменне знайсці падыход да кожнага, выдатныя арганізатарскія здольнасці. Паспяхова ўкараняе і сучасныя тэхналогіі. Пытаюся, ці не цяжка было іх асвойваць самой.

— У мяне дзве дарослыя дачкі, трое ўнукаў, яны і навучылі азам камп’ютарнай граматы. А каб паглыбіць веды, скончыла трохмесячныя курсы ў мясцовым каледжы. Лічу, што трэба ісці ў нагу з часам, — адказвала суразмоўца. — Таму ніякіх цяжкасцей з тэхнікай, калі ўладкавалася на пошту, і не ўзнікла. Трэба было толькі запомніць паслядоўнасць дзеянняў той ці іншай аперацыі, а калі ў нечым сумнявалася — кансультавалася ў калег з камайскага і хацілаўскага аддзяленняў Іны Васільеўны Навумчык і Наталлі Уладзіміраўны Мініч. Шмат дапамагала і намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ірына Тэлесфораўна Нікі­фаровіч. Лёгка было засвойваць і праграмна-апаратны комплекс, які мы пачалі ўкараняць мінулай восенню. 

У зоне адказнасці Наталіі Мурзо — адзін населены пункт. У ім пражываюць 335 чалавек, 70 з іх — пенсіянеры. Апошнія часта тэлефануюць на пошту, заказваюць, што прынесці на дом. Добра ведае паштальён патрэбы і запыты і іншых кліентаў і ў якасці дэпутата прадстаўляе іх інтарэсы ў Курапольскім сельскім Савеце дэпутатаў 28-га склікання.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.