На дапрацоўку законаў – у рэгіёны

Местная власть

Падчас наведвання Пастаўскага мэблевага цэнтра

У мінулую пятніцу Паставы ў поўным складзе наведала Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы.

Дэлегацыю вышэйшых службовых асоб краіны дапоўнілі прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, ад абласной вертыкалі — першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.

Для дэпутатаў пакідаць свае прывычныя працоўныя месцы ў Доме Урада і выязджаць у рэгіёны — звычайная практыка. Асноўная мэта такіх выязных пасяджэнняў — наладзіць зваротную сувязь з канчатковымі «спажыўцамі» законаў, якія яны прымаюць.

— Без удакладненняў і заўваг тых, хто займаецца правапрымяняльнай практыкай, немагчыма стварыць добры закон, — гаварыў наш зямляк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Зямчонак. — Наша асноўная задача — усебакова разгледзець практыку прымянення заканадаўства ў сферы інвестыцый і прадпрымальніцкай дзейнасці.

Дэпутатаў невыпадкова цікавіла вывучэнне менавіта гэтых дзвюх сфер. На актуальнасць і важнасць тэматыкі выязнога пасяджэння ў Паставах звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў:

— У бліжэйшы час у другім чытанні плануецца разгледзець два законапраекты — аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб інвестыцыях і закон аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы. Калі ў рамках гэтага выязнога пасяджэння мы адзначым для сябе нейкія канцэптуальныя заўвагі, то абавязкова ўлічым іх пры дапрацоўцы законаў.

Спачатку парламентарыі наведалі некаторыя прамысловыя прадпрыемствы нашага горада, у прыватнасці малочны завод, «Паставымэблю» і ПМЦ. На кожным былі арганізаваны экскурсіі, каб госці маглі скласці максімальна поўнае ўяўленне пра іх работу. Пастаўскія прадпрыемствы пакінулі ў іх добрае ўражанне. Асабліва жывы інтарэс выклікаў паркетны цэх ПМЦ. Гэта адзін з апошніх найбольш буйных і ўдалых прыкладаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у раёне.

Намеснік дырэктара ПВУП «Пастаўскі мэблевы цэнтр» Генадзій Сіповіч расказваў, што за змену тут можна выпускаць ты­сячу метраў квадратных паркетнай дошкі, але пакуль на такія аб’ёмы не выйшлі. Яшчэ актыўна ідзе прапрацоўка партнёрскіх зносін. У ліку краін, з якімі ўжо наладжана цеснае супрацоўніцтва па збыце прадукцыі, — Канада, Расія, Аўстрыя, Італія. Новае прадпрыемства абсталявана па апошнім слове тэхнікі. У кацельні і сушыльнай камеры стаяць аўстрыйскія катлы, і іх вытворцы самі кантралююць іх работу ў анлайн-рэжыме. Калі здараецца нейкі збой, то адказным спецыялістам прадпрыемства прыходзіць паведамленне, якая праблема менавіта ўзнікла і як яе вырашыць.

Пасля знаёмства з мясцовымі прадпрыемствамі ўдзельнікі пасяджэння перамясціліся ў райвыканкам. У непасрэдным абмеркаванні заяўленай тэмы запрасілі прыняць удзел прадстаўнікоў мясцовых дзяржаўных органаў кіравання, а таксама Генадзія Сіповіча, дырэктара малочнага завода Георгія Касцяня і старшыню Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Пастаўскім райвыканкаме Вольгу Вярцінскую.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ