На лаўрах не спачываем

Экономика

Фота Антона Сцяпанішчава, «Витебские вести».

Па выніках мінулага года адкрытае акцыянернае таварыства «Пастаўскі малочны завод» занесена на абласную Дошку гонару. А як  завод працуе сёлета?  Карэспандэнт «Пастаўскага краю» Фаіна Касаткіна папрасіла расказаць пра гэта дырэктара таварыства Георгія  Касцяня.

— Безумоўна, усяму калектыву прыемна, што прадпрыемства заслужыла права быць занесеным на абласную Дошку гонару, а магчыма, трапіць і на рэспублі­канскую (прынамсі, аблвыканкам хадайнічае пра гэта, а Дошка будзе адкрыта да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь). Але мы не спачываем на лаўрах, а ставім перад сабой усё новыя задачы і ажыццяўляем іх. Гэты год для завода больш складаны, чым папярэдні, і найперш з рэалізацыяй прадукцыі. Па-ранейшаму львіную яе долю экспартуем у Расійскую Федэрацыю. Але недальнабачна абмяжоўвацца толькі расійскім рынкам. Усім вядома, што паміж беларускімі вытворцамі і расійскімі службамі, якія кантралююць якасць прадукцыі, час ад часу ўзнікаюць непаразуменні, а то і сур’ёзныя канфлікты. Праўда, да нас прэтэнзій пакуль не было, але хто ведае, што можа адбыцца ў далейшым. Таму мы актыўна шукаем новых партнёраў. У красавіку ў скла­дзе дэлегацыі Рэспублікі Беларусь я пабываў ва Узбекістане. Арганізавалі мы там і дэгустацыю сваіх сыроў. Яны спадабаліся, бо якасць сапраўды вельмі высокая. Заключылі дагавор на пастаўку і ўжо адгрузілі першую партыю вагой паўтары тоны. Вядзём перамовы і па рынках збыту ў Кіргізіі і Таджыкістане. Спадзяёмся, што яны будуць паспяховымі.

Чатыры гады назад завод мадэрнізаваны, але мы працягваем укараняць навацыі. Правялі тэхнічнае перааснашчэнне вытворчай лабараторыі, папоўнілі базу аўтапарка двума новымі малакавозамі і пяццю ізатэрмічнымі фургонамі для перавозкі гатовай прадукцыі. На чарзе — устаноўка новай лініі па нарэзцы і ўпакоўцы сыроў, якую плануем увесці ў дзеянне ў канцы чэрвеня. Частка абсталявання (а яно замежнай вытворчасці) ужо закуплена і завезена ў цэх. Калі чатыры гады назад мы ставілі першую такую лінію, знаходзілася нямала скептыкаў, якія сцвярджалі, што гэта немэтазгодна. Практыка паказала адваротнае — наразныя сыры карыстаюцца большым попытам, а прадпрыемству больш эканамічна выгадна іх рэалізоў­ваць. Таму пры штосутачным выпуску 20 тон сыроў плануем наразаць да 15 тон.

Добры попыт на элітныя сыры. Летась асвоілі гатункі «Тызенгаўз» і «Пармезан Гранд», «Вільна», «Мармурны». На чарзе — аналагі італьянскіх брэндаў «Пармезан», «Грана Падана» і галандскага «Маасдама», класічных з «вялікімі вачамі». Яшчэ дзве навінкі — «Пекарына» і «Армейскі».

Для таго каб знізіць сабекошт прадукцыі, плануем за бліжэйшыя два з паловай гады пабудаваць уласную рабатызаваную ферму на дзве тысячы галоў дойнага статка. Пад яе ўжо вы­дзелены зямельны ўчастак ля вёскі Чашуны Курапольскага сельсавета. Праекціроўшчыкі зараз займаюцца там геалагічнымі пошукамі. Каштарысны кошт фермы — 25 мільёнаў долараў. Гэта вялізныя сродкі. 80 працэнтаў ад названай сумы пракрэдытуе пад 5,25 працэнта гадавых Банк развіцця. Вярнуць крэдыт мы павінны будзем на працягу 15 гадоў.

У наступным месяцы спаўняецца год, як наша прадпрыемства стала кіруючай кампаніяй у адносінах да ААТ «Камайскі-агра», у якое ўклалі за гэты час больш за 2,5 мільёна рублёў. Паставілі за мэту адрадзіць былую славу гаспадаркі (колішняга калгаса «Дружба»), і першыя, але ўпэўненыя крокі да гэтага ўжо зроблены — умацавалася дысцыпліна, палепшылася становішча ў жывёлагадоўлі, паспяхова праводзяцца веснавыя палявыя работы. Немалаважна тое, што людзі паверылі ў перспектыву і стараюцца на сваіх рабочых месцах. Праўда, кадравая праблема  вырашана не поўнасцю. Гаспадарцы патрэбны начальнікі вытворчых аддзяленняў, інжынеры, механікі. Добрыя ўмовы для работы і жыллё ёсць. Спадзяёмся, што знойдзем і патрэбных спецыялістаў.

Падтрымліваем не толькі «Камайскі-агра». Сёлета больш за 4 мільёны рублёў завод пералічыў у абласны фонд падтрымкі сельгасвытворцаў. Гэтыя грошы вельмі спатрэбіліся б і нам самім, але мы абавязаны былі выканаць распараджэнне аблвыканкама. Гаворачы ў цэлым пра фінансавае становішча прадпрыемства, трэба прызнаць, што сёлета яно значна горшае, чым было ў мінулым годзе. Але гэта не прычына для таго, каб апускаць рукі. Будзем прымаць усе меры да таго, каб нарошчваць вытворчасць прадукцыі, пашыраць рынкі збыту, ажыццяўляць усе свае праекты.