Пачэрпнулі нямала карыснага


Падчас наведвання СШ №1

У канцы красавіка Пастаўшчыну з трохдзённым візітам наведала дэлегацыя педагогаў Рэзекненскага краю Латвіі.

У склад дэлегацыі, якую ўзначальваў кіраўнік краявога аддзела адукацыі Гунтарс Скудра, увайшлі 20 чалавек — намеснік кіраўніка і спецыялісты аддзела, а таксама дырэктары амаль усіх мясцовых школ. У рамках падпісанага раней пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Пастаўскім раёнам і Рэзекненскім краявым самакіраваннем яны вырашылі пазнаёміцца з работай нашых устаноў адукацыі, каб параў­наць яе са сваёй сістэмай педага­гічнай дзейнасці і, магчыма, пераняць нешта карыснае для сябе. 

Спачатку для гасцей была арганізавана сустрэча ў райвыканкаме. За кубкам кавы латышскія сябры паглядзелі невялікі фільм пра раён.

— Вы ўбачылі нашу вытворчасць — прамысловыя прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя арганізацыі, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — У фільме не расказвалася пра культуру і адукацыю, таму што з імі пазнаёміцеся непасрэдна падчас наведвання аб’ектаў. Пабываўшы ў школах Латвіі, у мяне склалася ўражанне, што мы з вамі рухаемся ў адным напрамку пры тым, што кожны ўнёс у адукацыйны працэс шмат новага. Выхоўваем у дзяцей пачуццё патрыятызму, гордасць за сваю Радзіму, павагу да суседзяў і добрыя адносіны да іх. Усё гэта дазволіць захаваць мір і спакой на нашых землях.

Некалькі слоў пра сістэму адукацыі раёна сказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Кашырын. Затым слова ўзяў яго латышскі калега Гунтарс Скудра. Ён заўважыў, што ў Паставах рэзекненцы бываюць кожны год на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік», іншых мерапрыемствах, але педагогі прыехалі ўпершыню. Таксама расказаў пра структуру ўстаноў адукацыі свайго краю. У яе ўваходзяць 20 агульнаадукацыйных школ, з іх 3 спецыяльныя, 7 сярэдніх, 6 асноўных і 4 філіялы, 17 дашкольных устаноў, музычная і спартыўная школы.

Абмяняўшыся прэзентамі, госці адправіліся на экскурсію па гора­дзе. А на наступны дзень іх чакала знаёмства з работай устаноў адукацыі Пастаўшчыны. Пачалося яно з наведвання СШ №1, дзе на сённяшні дзень навучаюцца 730 дзяцей. У суправаджэнні дырэктара школы Паўла Травы і Аляксандра Кашырына латышы прайшліся па класах і кабінетах, пасля чаго адбыўся круглы стол. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падрабязна расказаў замежным калегам, у колькі гадоў у нас дзеці ідуць у школу і колькі вучацца ў ёй, якія экзамены здаюць за 9 і 11 класы, на якой мове выкладаюцца прадметы, як праходзяць цэнтралізаванае тэсціраванне і залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Былі закрануты таксама пытанні платы за навучанне ў ВНУ, ацэнкі ведаў дзяцей, арганізацыі шостага вучэбнага дня, водпуску педагогаў і іх заработнай платы, фінансавання ўстаноў адукацыі і аптымізацыі школ і дзіцячых садоў. Пры гэтым госці актыўна задавалі пытанні. Іх цікавіла літаральна ўсё: як арганізавана харчаванне ў школе, матывацыя дзяцей да добрай вучобы, пераход на электронныя падручнікі, якім чынам правяраецца якасць адукацыі, колькі грошай у бюджэце раёна выдаткоўваецца на яе і інш. На кожнае пытанне быў да­дзены вычарпальны адказ.

З першай школы латышская дэлегацыя накіравалася ў першы гарадскі дзіцячы сад. Яго загадчыца Лада Канчаніна паказала групы, спартыўную і музычную залы, басейн, дапоўніўшы экскурсію расказам пра ўстанову.

Наступнымі аб’ектамі наведвання сталі гімназія, Сацыяльна-педагагічны цэнтр і Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Затым госці адправіліся ў Дунілавічы, адтуль — у Навасёлкі. У гэтым аграгарадку пабывалі ў філіяле Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў і Навасёлкаўскім цэнтры культуры, паглядзелі канцэрт, падрыхтаваны мясцовымі дзецьмі і моладдзю, сустрэліся з кіраўніцтвам ААТ «Навасёлкі-Лучай» і сельвыканкама. У апошні дзень знаходжання на Пастаўшчыне латышоў прымаў Цэнтр дзяцей і моладзі, у якім праходзіў раённы конкурс юных чытальнікаў.


Кіраўнік аддзела адукацыі Рэзекненскага краю Гунтарс Скудра

У нашых сістэмах адукацыі ёсць нешта агульнае, што захавалася яшчэ з савецкіх часоў, але шмат і адрозненняў. У прыватнасці, у нас вялікая ўвага надаецца эфектыўнаму выкарыстанню будынкаў, рамонту, добраўпарадкаванню класаў, у вас вельмі добра развіты адукацыйныя стандарты. Ад многіх рэчаў, якія былі раней, мы спачатку адмовіліся, а зараз вяртаемся да іх, толькі ў іншай форме. Калі гаварыць пра тое, што ўразіла найбольш, дык гэта заключэнне дагавораў аб прыёме на работу ў якасці педагогаў з прыёмнымі бацькамі і выплата ім аддзелам адукацыі заработнай платы. У нас такога няма. Увогуле, у Латвіі больш фармальны падыход да прыёмных сем’яў і дзяцей, у вас — больш чалавечы. Таксама ў нашай краіне існуе праблема адыходу дзяржавы ад дапамогі сельскім школам, яны паступова закрываюцца, бо насельніцтва выязджае ў гарады. А тут мы пачулі, што існуе цэлая праграма падтрымкі сельскіх школ, якая ўключае ў сябе бясплатнае харчаванне для вучняў і іншыя меры. Калі гаварыць у цэлым, то паездка была цікавай і пазнавальнай. Вы перасягнулі ўсе нашы чаканні. Мы часта бываем у еўрапейскіх краінах, але такой гасціннасці, як тут, не бачылі нідзе. У нас засталіся найлепшыя ўражанні ад наведвання Пастаўшчыны.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте