Пад крылом сваім або савы?

Правовое поле

Вядома, што аб’екты, якія не ахоўваюцца або ахоўваюцца дрэнна, нібы мёд пчол прыцягваюць злодзеяў. Таму ўласнікі рана ці позна задумваюцца над тым, як надзейна захаваць сваю маёмасць. Адны арганізуюць ахову сваімі сіламі, іншыя давяраюць яе нашаму аддзяленню Дэпартамента аховы, падпісваючы адпаведны дагавор. Але і тут ёсць некалькі магчымых варыянтаў. Які з іх выбраць, каб не аказацца ў пройгрышы? Давайце паспрабуем разабрацца.

Варыянт 1. Арганізацыя ўласнай службы аховы. У дадзеным выпадку вам неабходна будзе займацца падборам персаналу, арганізацыяй рэжыму і ўмоў для забеспячэння максімальнай эфектыўнасці аховы маёмасці. Дадайце да гэтага адміністрацыйныя расходы, ліцэнзаванне — і атрымаеце дастаткова ўнушальную суму. У выпадку крадзяжу па прычыне нядбайнасці работнікаў, дзёрзкага ўзброенага нападзення і інш. пакрыццё сумы ўкрадзенага залежыць толькі ад аператыўнасці работы следчых органаў і «прафесіяналізму» зламыснікаў.

Варыянт 2. Даверыць бяспеку сваёй маёмасці Дэпартаменту аховы, які на сённяшні дзень можа прапанаваць вам наступныя віды аховы аб’ектаў ад злачынных замахаў:

– устаноўка аўтаномнай ахоўнай сігналізацыі. Найбольш танны від аховы маёмасці, але не вельмі эфектыўны ў сучасных рэаліях. Пры спрацоўванні сігналізацыі вам застаецца спадзявацца толькі на тое, што ў гэты момант паблізу знаходзіцца нарад міліцыі або грабежнікаў напалохае гук сірэны. Пры такім варыянце ў выпадку крадзяжу Дэпартамент аховы адказнасці не нясе і ўрону не пакрывае;

– ахова аб’ектаў з дапамогай пуль­та цэнтралізаванага назірання. Найбольш распаўсюджаны від аховы. Аб’ект абсталёўваецца гэтак жа, як і ў выпадку арганізацыі аўтаномнай аховы, але трывожны сігнал паступае на пульт цэнтралізаванага назірання (у тым ліку і пры адсутнасці на аб’екце тэлефона). Пры паступленні сігналу «Трывога» на месца адразу выязджае ўзброены нарад міліцыі і прымае меры па затрыманні злачынцаў і захаванні вашай маёмасці;

– ахова паста з дапамогай нарада міліцыі. Самы надзейны від фізічнай аховы. Пры гэтым міліцыянеры нясуць службу не толькі непасрэдна на аб’екце, але і ахоўваюць грамадскі парадак паблізу яго. Яны маюць сродкі індывідуальнай абароны, радыёстанцыю, зброю, і сама іх прысутнасць у большасці выпадкаў з’яўляецца найлепшай прафілактыкай правапарушэнняў і злачынстваў на аб’екце;

– вартавая ахова. Самы танны від фізічнай аховы. Пры прыёме на працу вартаўнікі абавязкова праходзяць навучанне бяспечным метадам і прыёмам работы. Таксама на ўсіх аб’ектах, якія яны ахоўваюць, устаноўлены кнопкі трывожнай сігналізацыі. У гэтым выпадку заказчык карыстаецца паслугамі вартавой аховы і адначасова знаходзіцца пад абаронай міліцыянераў груп затрымання.

Як бачыце, варыянтаў нямала, і кожны з іх мае свае перавагі. Ну а які найлепшы для вас, вырашайце самі.

Вадзім КРЫШТАФОВІЧ, старшы інспектар Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы