Падабаецца гатаваць

Личности

Калі я, некалькі тыдняў назад будучы ў Кураполлі, заглянула ў мясцовую сталовую, там было мнагалюдна — якраз абедалі ўдзельнікі пасяўной. На кухні і ў зале рупна ўпраўляліся загадчыца сталовай Юлія Дружынская, повар Наталля Яначкіна і практыкантка Вікторыя Ляўкова (на здымку).

— Зараз у нас як ніколі шмат работы, і памочніца вельмі дарэчы, — заўважыла Юлія Дружынская. — Віка — малайчына, здольная, старанная, адказная ў працы.

 Цікавасць да прафесіі повара ў яе з дзяцінства. Добра гатуе мама, і дзяўчынцы падабалася дапамагаць ёй, асабліва стравы да святочнага стала. Таму ваганняў, дзе прадоўжыць вучобу пасля заканчэння дзевяці класаў, не было. Выбрала Пастаўскі дзяржкаледж, які ў наступным месяцы ўжо і заканчвае.

— Вучыцца цікава, у нас дружная група, — расказвала Віка. — З 14 красавіка да 16 чэрвеня праходжу практыку, набіраюся вопыту. Атрымаўшы дыплом, сюды, у Кураполле, прыйду і на пастаянную працу. Разам з тым мару прадоўжыць вучобу.

 Вікторыі ўсяго сямнаццаць, і, канешне ж, яна паспее яшчэ многага дасягнуць у жыцці. Пажадаем ёй поспехаў.  

 Тэкст і фота Фаіны Касаткінай