Памяць жыве ў сэрцах нашчадкаў


Ля вітрыны з баявымі і юбілейнымі ўзнагародамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Ужо сем дзесяцігоддзяў Дзень Перамогі аб’ядноўвае беларусаў усіх узростаў пачуццём гонару за ратныя подзвігі продкаў. Расказаць пра іх, ва ўспамінах разам са сваімі роднымі прайсціся франтавымі дарогамі 9 мая пастаўчанам прапанаваў раённы краязнаўчы музей падчас сустрэчы «Успомнім разам пра бацькоў і дзядоў».

Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар музея Таццяна Гарошка расказала пра ўклад, што ўнеслі нашы землякі ў перамогу над фашызмам:

— На франтах Вялікай Айчыннай і ў партызанскіх атрадах змагаліся тысячы жыхароў раёна, больш за дзве тысячы загінулі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, звыш 3-х тысяч ура­джэнцаў Пастаўшчыны ўзнагароджаныя баявымі ордэнамі і медалямі, а партызаны Фёдар Маркаў і Ганна Маслоўская ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Нашы землякі ўдзельнічалі ў гістарычных парадах Перамогі. Так, у чэрвені 1945-га прайшоў па Краснай плошчы ў Маскве Сі­ланцій Зубкоў з вёскі Жвой­рышкі, а жыхар вёскі Паташня Алімпій Чувалаў удзельнічаў у парадзе саюзных войск у Берліне ў верасні таго ж года.

Узгадала Таццяна Гвідонаўна і пра ахвяр акупацыі, і пра вызваліцеляў Пастаўшчыны. А затым перадала слова тым, хто пажадаў расказаць пра гераічнае мінулае сваіх родных. І хоць іх было не так і шмат, кожны прыйшоў на сустрэчу па клічы сэрца. Напэўна, таму яна і атрымалася надзвычай душэўнай і хвалюючай.

Успамінамі пра маму дзеліцца Тамара Сяргееўна Самсонава

Іна Парангоўская ўспамінала свайго тату Мікалая Яўстаф’евіча Зубовіча. Падчас вайны ён ў баявым узводзе марской пяхоты абараняў Кранштат, потым служыў на крэйсеры «Максім Горкі», удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда. Меў шмат узнагарод, асаблівы гонар сям’і складаюць медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», «За абарону Ленінграда» і медаль Нахімава. Апошні з’яўляецца вельмі рэдкім для Беларусі (на флот прызывалі з тэрыторыі Расіі, дзе Мікалай Яўстаф’евіч апынуўся пасля эвакуацыі), гэта флоцкі аналаг агульнавайсковай узнагароды «За баявыя заслугі», якая ўручалася за адвагу. Пры жыцці ветэран любіў расказваць унуку пра славутую флоцкую дысцыпліну, радаваўся віншавальным пісьмам з Расіі, у тым ліку і за подпісам мэра Масквы.

Добра вядомае пастаўчанам і імя Марыі Аляксандраўны Полех, якая ваявала ў пражэктарна-зенітным палку. Расказаць пра яе прыйшла дачка Тамара Самсонава разам з двума ўнукамі. Успамінала, што мама не любіла ўзгадваць вайну, была пазітыўнай, спагадлівай да лю­дзей, мела актыўную жыццёвую пазіцыю. Марыя Аляксандраўна ўдзельнічала ў абароне Сталінграда, ва ўзяцці нямецкага горада-крэпасці Брэслаў, іншых баях. За мужнасць і адвагу адзначана баявымі ўзнагародамі. Тамара Сяргееўна шкадавала, што мама не дажыла да таго часу, калі ўстанавілі помнік яе сяброўцы Надзеі Асяненка ў Ліпніках, казала, што мама вельмі гэтаму радавалася б. Затое яшчэ жывы родны брат Марыі Аляксандраўны, таксама ўдзельнік вайны Аляксандр Аляксандравіч Антух. Сёлета яму споўнілася сто гадоў, жыве ў дзяцей у Мінску.

Бацька Уладзіміра Скоўпеня Міхаіл Іванавіч родам з Браншчыны. На вайну пайшоў добраахвотнікам у сямнаццацігадовым узросце. Пасля стралковых курсаў ваяваў у артылерыйскай брыгадзе разведчыкам, удзельнічаў у аперацыі «Баграціён». У Польшчы быў цяжка паранены і Перамогу сустрэў у шпіталі ў Куйбышаве. Да вялікага шчасця сям’і, вярнуліся жывымі з вайны і тры яго браты. Сяргей і Іван былі маракамі, Мікалай — танкі­-стам-механікам. Ён тройчы выратоўваўся з палаючага танка, удзельнічаў у адной з ключавых бітваў вайны — на Курскай дузе.   

Многа выпрабаванняў выпала  на долю родных Людмілы Чатовіч, Людмілы Касцень, Таццяны Шахавай, Марыі Лапцінскай і Таццяны Гарошка, якія расказалі пра іх лёс падчас сустрэчы. Нехта прайшоў усю вайну і сустрэў Перамогу ў Берліне, хтосьці вызваляў Венгрыю і Аўстрыю, камусьці было наканавана служыць у Войску польскім, а камусьці — быць вывезеным на катаржныя работы ў Германію альбо перажыць акупацыю. Памяць пра гэта захоўваюць ­удзячныя нашчадкі.

У той жа дзень у музеі працавала выстава «Баявыя ўзнагароды нашых землякоў». Яна была сфарміравана з фонду ўстановы і складалася з 33-х узнагарод (у асноўным баявых). Жадаючыя маглі ўбачыць медалі і ордэны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Станіслава Ісідоравіча Здраеўскага, Кірыла Кляменцьевіча Брадовіча, Грыгорыя Зіноўевіча Крукава, Гаўрыіла Андрэевіча Апрышчанкі, Андрэя Мікалаевіча Чыгілейчыка, Паўла Міхайлавіча Малафея, Аляксея Рыгоравіча Сіланава, Міхаіла Іванавіча Бароўкі, Мікалая Усціна­віча Лабуця і Васілія Аляксеевіча Сідарэнкі. У тым ліку і такія каштоўныя, як медалі «Залатая зорка» Героя Савецкага Саюза і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», ордэны Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга і ордэн Леніна, якімі ў свой час быў узнагаро­джаны В. А. Сідарэнка.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте