Перамога за пастаўчанамі

Общество

Пра тое, што сям’я Сяргея і Анастасіі Цепляковых прызнана пераможцай на першым этапе рэспубліканскага конкурсу «Сям’я — крышталь грамадства» і прыме ўдзел у наступным, а калі пашчасціць, то і ў заключным этапе, наша газета пісала крыху раней. З радасцю паведамляем, што пастаўчане дайшлі да фіналу і сталі  найлепшай парай маладых ваеннаслужачых Узброеных Сіл Беларусі.

Заключны этап конкурсу праходзіў напярэдадні Дня сям’і ў Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску. Тут свае творчыя здольнасці, любоў да малой радзімы, артыстызм і згуртаванасць сваіх сем’яў дэманстравалі шэсць пар: з Мінска, Гродна, Барысава, Мар’інай Горкі, Бароўкі і пастаўчане — начальнік комплексу сродкаў аўтаматызацыі — намеснік начальніка каманднага пункта 1-га ра­дыё­тэхнічнага цэнтра Сяргей Цеплякоў, яго жонка Анастасія (медыцынская сястра хірургічнага аддзялення шпіталя) і іх двухгадовы сынок Рома.

Удзельнікаў чакалі тры выпрабаванні. Першае — візітная картка. Падчас яе вайскоўцам неабходна было расказаць гісторыю сваёй сям’і. Другі этап прайшоў пад паэтычнай назвай «Мой родны кут, як ты мне мілы…» У ім удзельнікі закранулі тэму малой радзімы, расказалі пра свае родныя мясціны. Заключным выпрабаваннем стаў творчы конкурс, дзе кожная пара дэманстравала свае здольнасці ў вольнай форме.

— На перамогу мы не разлічвалі, — прызналіся Цепляковы. — Па-першае, у нас былі годныя канкурэнты. Па-другое, захварэў на вятранку наш сыночак, у яго ўзнялася тэмпература, таму ў Мінск прыйшлося ехаць з аптэчкай. Па-трэцяе, падчас нашага выступлення адбыўся тэхнічны збой: спыніў­ся відэарад. Прыйшлося перазагружаць камп’ютар, пачынаць візітку спачатку. І гэта дадало яшчэ больш хвалявання.

Але, як у чароўнай казцы, усе выпрабаванні павярнуліся для Сяргея і Анастасіі перамогай. А іх шчырасць, абаянне, прастата падачы конкурсных заданняў зачаравалі журы, прыцягнулі ўвагу журналістаў рэспубліканскіх і ваенных СМІ. Падчас нашай размовы з усмешкай адказвалі: «Тое самае ў нас пыталіся і іншыя журналісты». «Значыць, я на правільным шляху», — жартую і прашу расказаць, як пазнаёміліся.

— Чатыры гады таму ў сталічным кінатэатры на прэм’еры рэмэйка фільма «Каўказская палонніца» Сярожа падышоў да мяне і прапанаваў пазнаёміцца. Ён быў у цывільным адзен­ні (у той час ужо служыў па размеркаванні ў Мачулішчах), але афіцэрскую выпраўку, дысцыплінаванасць, акуратнасць разгледзела ў ім і без ваеннага мундзіра, — успамінала жонка. — Цаню яго ўважлівасць, клопат, надзейнасць. Ён для мяне апора ва ўсім.

— Нездарма кажуць, што вочы — люстэрка душы. Зазірнуў у іх і зразумеў, што яна не проста прыгажуня, але і той чалавек, які мне патрэбен: спакойная, шчырая, усё зразумее, — дадае муж.

Неўзабаве пажаніліся, нарадзіўся сынок. А ў снежні 2016-га Сяргея перавялі служыць у родныя Паставы. Сцвярджаюць, што без шкадавання пераехалі са сталіцы ў правінцыю: падабаюцца чыстае паветра, няспешны рытм жыцця, адпачынак на ўлонні прыроды. Любяць адкрываць для сябе і родных прыгажосць і культурную спадчыну мясцін, дзе нарадзіліся (Насця родам з горада Бяроза Брэсцкай вобласці). Галоўным у сямейным жыцці лічаць каханне і ўзаемную падтрымку, а каб яны радавалі і надалей, упэўнены, што ўсё трэба рабіць разам і гля­дзець у адным кірунку.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ