Песні спявалі, армію ўслаўлялі


Узняць баявы дух вайскоўцаў — так ахарактарызавалі мэту свайго прыезду ў 1-ы радыётэхнічны цэнтр удзельнікі канцэртнай групы ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Не ведаю як баявы дух, а вось настрой узнялі дакладна. І па ўсім было бачна, што не толькі асабоваму складу воінскай часці, але і ўсім гасцям.

— У гастрольны тур па злучэннях і воінскіх часцях наша канцэртная група выязджае кожны год. Працягласць маршруту, як правіла, складае каля тысячы кіламетраў. Штогод выступленні прысвячаем памяці падпалкоўніка авіяцыі Уладзіміра Мікалаевіча Карвата, які першым у нашай краіне быў удастоены дзяржаўнага ордэна «Герой Беларусі» за мужнасць і гераізм пры выкананні воінскага абавязку (пасмяротна). А сёлета — яшчэ і 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі, — расказваў старшы афіцэр упраўлення ідэалагічнай работы камандавання ВПС і войск СПА Уладзімір Патракоў. — Апроч Пастаў, выступленні адбудуцца ў Астраўцы, Полацку, Гарадку і Бабруйску.

Касцяк канцэртнай групы складаюць начальнікі клубаў і лаўрэаты фестывалю армейскай песні «Зорка». У іх выкананні прагучалі музычныя творы пра армію, папуры з песень ваенных часоў і сучасныя эстрадныя кампазіцыі. Іх прыгожыя галасы, артыстычнасць, уменне трымаць увагу аўдыторыі ўзнагароджваліся апладысментамі і бляскам у вачах гледачоў, а пасля фінальнай песні — яшчэ і воклічамі «малайцы!».

Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота Сяргея ВШЫЎКАВА

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте