Саграваюць вясна і ўвага

Общество

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны з г.п. Варапаева Ігнацій Міхайлавіч Мычко з праўнукам Андрэем

Адразу пасля прывітання Ігнацій Міхайлавіч Мычко прапанаваў: «Давайце не будзем успамінаць вайну. 73 гады мінула…» І мы распачалі гаворку пра сённяшні дзень, цёплую, прыгожую вясну. Яна для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны 94-я. Колькі за гэты час зроблена і перажыта! Мой суразмоўца ўзгадвае плённыя гады працы кавалём. Такіх, як ён, спецыялістаў не было ва ўсёй акрузе. Таму ніколі не сядзеў без справы. А яшчэ будаваў дом, кузню, садзіў сад, выхоўваў двух сыноў, 20 гадоў даглядаў хворую пасля аварыі жонку. Паспяваў усюды.

Цяпер без дапамогі сацыяльнага работніка Таццяны Аліхвер і нявесткі не абысціся. «Без дзвюх палак хадзіць цяжкавата, — гаварыў. — Сумна вечарамі. Дачасна страціў двух сыноў і двух унукаў. Чатыры гады таму паўторна аўдавеў. Дзякую Богу, што збярог мяне ў пекле вайны, дае сілы жыць цяпер».

Загартаваны выпрабаваннямі, Ігнацій Міхайлавіч ніколі ні на кога не разлічваў, толькі на свае сілы. Яму прыемна адчуваць увагу з боку раённай і мясцовай улад, раённага савета ветэранаў, родных і знаёмых. Вось і ў той дзень, калі я прыехала да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, у яго гасціла сястра з Дунілавіч, прыйшла нявестка, песціўся ля дзядулі чатырохгадовы праўнук Андрэйка.

Анна АНІШКЕВІЧ