Спаўна аддае сябе справе


З машыністам тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны Пастаўскага лясгаса Аляксандрам Урбанайцем я сустрэлася 25 красавіка, адразу пасля яго вяртання з Мінска. На лацкане пінжака маладога чалавека пабліскваў медаль, у руках красаваўся шыкоўны букет, у вачах праменілася радасць.

Яшчэ б! Столькі яркіх уражанняў прынёс дзень! Аляксандр быў у ліку віноўнікаў урачыстасці, што ладзілася ў Палацы Рэспублікі з нагоды ўручэння дзяржаўных узнагарод, і прыняў з рук Прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова медаль “За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”. Сярод узнагароджваемых былі вучоныя, аграрыі, будаўнікі, журналісты, прадстаўнікі іншых прафесій, у тым ліку лясной гаспадаркі, з іх пяцёра — з Віцебшчыны: Аршанскага, Лепельскага, Расонскага, Бягомльскага і Пастаўскага лясніцтваў, якія вызначыліся на ліквідацыі наступстваў урагану, што пазамінулым летам асабліва разбуральна пранёсся над Міншчынай.

 — Да трыццаці чалавек з нашага лясгаса на працягу года вахтавым метадам працавалі ў Чэрвеньскім лясгасе на ўборцы буралому, а затым на пасадцы лесу, — расказваў намеснік дырэктара Пастаўскага лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Саша Урбанайць адпрацаваў там на харвестары 90 дзён і выканаў найбольшы аб’­ём па нарыхтоўцы драўніны, таму дырэкцыя і прадставіла яго да дзяржаўнай узнагароды.

Медаль “За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый” — не першая ўзнагарода хлопца. Да гэтага ён адзначаўся граматамі Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання і абкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі, Міністэрства лясной гаспадаркі, Падзякай міністра лясной гаспадаркі. Яго фотаздымак занесены на Дошку гонару лясгаса. Усё гэта — сведчанне таго, што рабочы спаўна аддае сябе абранай справе.

Спецыяльнасць механізатара Аляксандр набыў яшчэ падчас вучобы ў пастаўскай СШ №3 (паралельна закончыў трохмесячныя механізатарскія курсы пры мясцовым прафтэхліцэі).

— Я вырас у вёсцы і ні пра што іншае, як працаваць на тэхніцы, не марыў, — прызнаецца. — Напэўна, таму, што і тата механі­затар. Зараз ён працуе ў “Камайскім-агра” на “Амкадоры”. Звязаны з тэхнікай і брат — слесар аўтапрадпрыемства. Калі збіраемся разам, нам ёсць пра што пагаварыць.

Асабліва багатым на значныя падзеі для Аляксандра стаў 2012 год: стварыў сям’ю, уладкаваўся на работу ў лясгас (да гэтага адразу пасля заканчэння школы працаваў у “Камайскім”, затым у райспажыўтаварыстве), пачаў будаўніцтва дома. Наступнай незабыўнай па­дзеяй стала нара­джэнне дачушкі, якой ужо споў­нілася пяць. А 2018-ы парадаваў дзяржаўнай узнагародай. Няма сумнення, што яго скар­­бонка адзнак за плённую пра­цу будзе папаўняцца і ў далейшым.

Фаіна КАСАТКІНА