Спявала пераможная вясна

Культура

6 мая на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма» прайшла патрыятычная акцыя, прысвечаная Дню Перамогі.

Яе правёў Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна. Ад мінулагодніх сёлетняя акцыя адрознівалася тым, што ў яе рамках была арганізавана фотавыстава партрэтаў франтавікоў пад назвай «Перамога прадзеда — мая Перамога!». Размясцілася выстава перад фасадам кінатэатра, па абодва бакі ад імправізаванай сцэны, на якой разгарнуўся сапраўдны марафон з песень і вершаў пра вайну. Больш чым двухгадзінны канцэрт вёў мастацкі кіраўнік Дунілавіцкага сельскага Дома культуры Дзмітрый Мельнікаў.

У праграме прагучалі творы, напісаныя ў гады Вялікай Айчыннай і добра вядомыя песні пасляваеннага часу. Неўміручыя кампазіцыі пранікнёна выканалі салісты студыі «Славія» пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай, супрацоўніца Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Таццяна Карпава, кіраўнік народнага клуба «Юнчанка» Вольга Нікалаева, удзельніца мастацкай самадзейнасці Юнькаўскага СДК Наталля Гутар і навучэнка Лынтупскай СШ Дзіяна Літвіновіч. Частка песень прагучала пад акампанемент баяна.

Завяршала канцэрт песня «Бессмертный полк» у выкананні ўсіх яго ўдзельнікаў. Пасля яе вядучы ад імя прадстаўнікоў маладога пакалення падзякаваў нашым дарагім ветэранам за Перамогу і магчымасць жыць пад мірным небам, паабяцаўшы быць годнымі слаўнага подзвігу дзядоў і прадзедаў, берагчы родную зямлю.

Алена ШАПАВАЛАВА

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте