Святлом Перамогі азораны

Культура

Да калейдаскопа святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 73-яй гадавіне Перамогі, якія прайшлі ў краіне, далучыліся і Паставы.

З самага ранку 9 мая на плошчы імя Леніна ў райцэнтры гучалі музыка і патрыятычныя песні. Паступова сталі збірацца гара­джане: некаторыя сем’ямі, сотні прадстаўнікоў працоўных калектываў, ваеннаслужачыя воінскіх часцей, якія размешчаны ў нашым раёне, школьнікі — арганізаванымі калонамі. Многія неслі партрэты родных і блізкіх — тых, хто прымаў удзел у Другой сусветнай вайне, загінуў на фронце або не дажыў да сённяшняга дня. Колькасць партрэтаў з кожным годам павялічваецца, а значыць, жыве памяць пра подзвіг бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

У цэнтры ўвагі — жывыя сведкі тых жудасных падзей: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў. На жаль, у раёне засталося толькі 15 ветэранаў. Большасць па стане здароўя нават не могуць выйсці з дома. А вось Віктар Іванавіч Ашчэпкаў, Іларыён Савельевіч Русалоўскі, Барыс Дзмітрыевіч Сямашка, дзякуючы работнікам сацыяльнай службы, прысутнічалі на мерапрыемстве.

У пачатку мітынгу шчырыя віншаванні прысутным і асабіста ветэранам адрасавалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і інжынер сродкаў аўтаматызацыі 1-га радыётэхнічнага цэнтра лейтэнант Арцём Янчанка.

— 73 гады аддзяляюць нас ад той пераможнай вясны, — гаварыў кіраўнік раёна. — Але памяць пра Вялікую Айчынную вайну непадуладная часу. Яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, пераходзіць ад сэрца да сэрца і звязвае нас у адно цэлае жывой ніткай любові да Айчыны. Перамога далася дарагой цаной. І мы абавязаны помніць тых, хто ваяваў на франтах і ў партызанскіх атрадах, змагаўся з ненавісным ворагам у падполлі, загінуў пад Брэстам, ляжыць у брацкіх магілах на вялікай тэрыторыі ад Ста­лінграда да Эльбы.

— Дарагія ветэраны, жыхары і госці горада! — звярнуўся да прысутных малады афіцэр. — 9 Мая — адно з найдаражэйшых сэрцу народа свята. Сёння мы аддаём даніну павагі тым, хто сваім гераізмам набліжаў Вялікую Перамогу. Мужнасць і смеласць нашых продкаў з’яўляюцца прыкладам для сённяшняга і наступных пакаленняў абаронцаў Айчыны. Высокі ўзровень баявой гатоўнасці сучасных Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, здольнасць ваеннаслужачых выконваць пастаўленыя задачы ў любой абстаноўцы — гэта гарантыя недатыкальнасці нашых граніц, гарантыя суверэнітэту дзяржавы.

Насельніцтва Пастаўшчыны з першых дзён акупацыі актыўна ўключылася ў барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Паставах з ліку камсамольска-маладзёжнага актыву быў створаны партызанскі атрад «Смерць фашызму!». Камандаваў ім тагачасны старшыня раённага выканаўчага камітэта Філіп Нагорны. У горадзе дзейнічалі падпольныя камсамольска-мала­дзёжныя і антыфашысцкія арганізацыі і групы, падпольныя райкамы камуністычнай партыі Беларусі і ЛКСМБ, партызанскія брыгады імя Варашылава, Гастэлы, Ракасоўскага  і іншыя.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў гады вайны, нашым землякам Фёдару Маркаву і Ганне Маслоўскай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Помняць пастаўчане і Яўгена Брадовіча, Надзею Асяненка, Яўгенію Машару, Усціна Ясюковіча і іншых маладых патрыётаў, якія за­гінулі ад рук ворага. Увогуле за гады вайны Пастаўшчына страціла больш за пяць з паловай тысяч жыхароў.

Горад быў вызвалены воінамі 145-ай стралковай дывізіі пад камандаваннем Пятра Акімавіча Дзібровы. Назаўсёды засталіся на пастаўскай зямлі гвардыі генерал-маёр Ігнат Кляра і гвардыі палкоўнік Дзмітрый Харольскі, Героі Савецкага Саюза Мікалай Красільнікаў, Васіль Сідарэнка, Аляксей Галубкоў, Васіль Кірычук, а таксама 333 байцы і афіцэры, якія знайшлі спачын у брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах.

 Да месцаў пахавання даехалі ўдзельнікі аўтапрабегу і ўсклалі вянкі і жывыя кветкі. Ляглі яны і ля падножжа помніка воінам-вызва­ліцелям у скверы на плошчы Леніна. Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць пра загінулых. У імя прадаўжэння мірнага жыцця прагучаў збройны салют.

Было нялёгка аднаўляць разбураную вайной гаспадарку. Гэта быў подзвіг ужо мірнага часу. Сёння ўнукі і праўнукі герояў Вялікай Айчыннай перанялі і прадаўжаюць працоўную эстафету. Дзякуючы напружанай працы пастаўчан, зладжана і рытмічна працуе народнагаспадарчы комплекс раёна, стабільна функцыянуе сацыяльная сфера.

Сёлетні год аб’яўлены Годам малой радзімы. Таму асаблівая ўвага ўдзяляецца і будзе ўдзяляцца добраўпарадкаванню населеных пунктаў, навядзенню парадку на зямлі, азеляненню тэрыторыі, рамонту дарог і абуладкаванню зон адпачынку.

Насычанае і разнастайнае грамадскае жыццё раёна. Лепшыя ратныя традыцыі прымнажаюць ваеннаслужачыя фарміраванняў, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Пастаўшчыны. Подзвіг старэйшага пакалення з’яўляецца для іх прыкладам бездакорнага служэння Айчыне.

Увагу ўдзельнікаў урачыстасцей прыцягваў хлопчык у ваеннай форме, які прыйшоў на свята з бацькамі. Мама Аксана Трафімава — былая пастаўчанка. Яе дзяцінства і юнацтва прайшлі на завулку Горкага ў райцэнтры. Пятнаццаць гадоў таму абуладкавалася ў Маскве. У сям’і шануюць подзвіг продкаў. Дзядуля Аксаны родам з Расіі, падчас Вялікай Айчыннай ваяваў на тэрыторыі нашага раёна, быў паранены і лячыўся ў шпіталі, дзе сустрэў сваё каханне, застаўся ў Паставах. На жаль, ветэрана ўжо няма ў жывых, а бабуля нярэдка дзеліцца сваімі ўспамінамі. Дзень Перамогі для яе — адно з важнейшых свят. Каб адзначыць яго з роднымі, Аксана з мужам і сынам прыехалі ў Паставы.

— Максімка з чатырох гадоў спявае «День Победы», расце патрыётам, — дзялілася Аксана. — Таму і купілі яму форму. А Паставы для мяне — самае дарагое месца на зямлі. Люблю прыязджаць на малую радзіму, наведваю раённыя мерапрыемствы. Яны праходзяць вельмі цікава, душэўна. Не выключэнне і сённяшняя ўрачыстасць.

Прасякнуцца атмасферай свята дапамагалі выступленні найлепшых калектываў мастацкай самадзейнасці, салістаў, ансамбля барабаншчыц і ўдзельнікаў ваенна-спартыўнага клуба «Азімут».

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота Сяргея ВШЫЎКАВА

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте