У 50-ты раз бліснула «Зарніца»


Каманда-пераможца СШ №1

Пятага мая на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» прайшоў раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца». У гэтым годзе яна была прысвечана адразу некалькім падзеям: чарговай гадавіне Вялікай Перамогі і вываду савецкіх войск з тэрыторыі Афганістана, стогадоваму юбілею органаў пагранічнай службы і Узброеных Сіл Беларусі.

Сёлета «Зарніца» сабрала сваіх прыхільнікаў у 50-ты         раз. У спаборніцтвах удзельнічалі 6 каманд: «Штык» (СШ №1), «Вымпел» (СШ №2), «Камбат» (СШ №4), «Зорка» (гімназія), «Гутчане» (Гуцкая СШ) і «Экіпаж» (Камайская СШ). У склад кожнай увайшлі дзесяць чалавек з ліку членаў БРСМ і БРПА. Ацэньвала фізічную падрыхтоўку, эрудыцыю і кемлівасць журы: другі сакратар і бухгалтар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вераніка Казлоўская і Алена Цімашэнка, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранічнай камендатуры «Паставы» Дзмітрый Бурак, майстар вытворчага навучання ДТСААФ Вячаслаў Масінкевіч і дырэктар трэнажорнай залы «Рэжым» Віталій Пахомчык.

Гульня складалася з сямі этапаў. На першым каманды прадстаўлялі візітную картку «50 кадраў «Зарніцы». Падчас яго юнаармейцы прэзентавалі дзейнасць атрада, у творчай форме раскрывалі стаўленне да дат, якім была прысвечана гульня. Усе выступленні вызначаліся неардынарнасцю і арыгінальнасцю падачы, яркасцю і эмацыянальнасцю. Разам з тым былі аб’яднаны агульнай ідэяй — любоўю да Радзімы, ­удзячнасцю суайчыннікам за ратныя подзвігі, гатоўнасцю быць годнымі пераймальнікамі слаўных традыцый продкаў. Найбольш удалымі атрымаліся візіткі ў прадстаўнікоў Гуцкай школы, СШ №4 і №1.

У наступным конкурсе камандам неабходна было з густам аформіць баявы лісток «Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца!». Апроч маляўнічага афармлення, ад школьнікаў патрабавалася адлюстраваць этапы гульні. Самымі інфарматыўнымі і па-мастацку аформленымі былі работы каманд «Штык», «Гутчане» і «Камбат».

Хуткасць, выразнасць і правільнасць выканання каманд і страявых прыёмаў удзельнікі спаборніцтваў дэманстравалі падчас агляду строю і песні «Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад». Тут бліжэй за іншых да бездакорнага выканання ўсіх практыкаванняў аказаліся каманды «Штык», «Камбат» і «Экіпаж».

Эрудыцыя, логіка і ўважлівасць спатрэбіліся ўдзель­нікам у інтэлектуальнай гульні накшталт віктарыны «Квіз». Найлепшае веданне ваеннай тэматыкі (яна ахоплівала як перыяд Вялікай Айчыннай вайны, так і сучаснасць) і гісторыі піянерскай арганізацыі паказалі навучэнцы СШ №1, гім­назіі і Гуцкай школы.

Артыстычным, відовішчным і вельмі кранальным атрымаўся конкурс інсцэніраванай песні «З іскрай у душы і верай у Перамогу». Нумары так і выпраменьвалі станоўчую энергетыку, уражвалі маляўнічымі сцэнічнымі вобразамі, уменнем перадаць характар і сэнс песні. А некаторыя ўдзельнікі, здавалася, не проста спявалі і танцавалі, а пражывалі на сцэне сюжэт музычнага твора. На вышыні быў узровень выканальніцкага майстэрства ў каманд «Гутчане» і «Экіпаж» (яны раздзялілі паміж сабой першае месца), «Зорка» і «Штык».

Спаборніцтвы «Да абароны Айчыны гатовыя!» складаліся з двух рубяжоў па агнявой падрыхтоўцы. На першым ад канкурсантаў патрабавалася хутка і якасна разабраць і сабраць аўтамат. Тут не было роўных камандам «Камбат», «Зорка» і «Штык». На другім — са становішча лежачы трапіць у мішэнь з дзесяціметровай адлегласці. Найлепшымі прызнаны «снайперы» з СШ №1. Крыху саступілі ім прадстаўнікі Гуцкай і чацвёртай школ.

Традыцыйны марш-кідок з перашкодамі сёлета замяніла ваенізаваная гульня лазертаг. Уменнем правільна выбудоўваць тактыку бою на гэтым этапе вызначыліся каманды СШ №1 і №2. Трэцяе месца ў гімназіі і Камайскай школы.

У агульным заліку наймацнейшай прызнана каманда «Штык». Яна і атрымала Кубак. На другім месцы — «Камбат», замкнула тройку прызёраў «Зорка». Прызёрам агульнакаманднага заліку ўручаны падарункі і дыпломы райкама БРСМ, астатнім удзельнікам — падзякі. Граматай за супрацоўніцтва і дапамогу ў папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў мала­дзёжным асяроддзі адзначаны Віталій Пахомчык.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте