У бязмежным моры белай квецені

2018-2020 год — Год малой радзімы

патанае  сад  Аляксандра  Дзіковіча  з  вёскі  Гута

Вішні, слівы, яблыні, грушы, парэчкі, ляшчына, маліна, ажына, глог, каліна, шыпшына, фацэлія, вейгела, язмін, маньчжурскі і грэцкі арэхі… Гэта не ўрок батанікі, а далёка не поўны пералік тых дрэў, раслін і кустарнікаў, якія можна тут убачыць.

Закладкай саду Аляксандр заняўся ў пачатку 90-х, калі пераехаў сюды з сям’ёй з суседняй Голбіі. Спачатку план пасадкі дакладна распрацаваў на паперы. Такі грунтоўны падыход лёгка тлумачыцца: Аляксандр Дзіковіч не толькі ў душы, але і па прафесіі непарыўна звязаны з прыродай. Сёння ён узначальвае Полаўскае лясніцтва, раней — Варапаеўскае. Прызнаецца, што любоў да дрэў і раслін у яго з дзяцінства.

Першая памочніца ва ўсіх яго пачынаннях — жонка Тамара. Хаця яна сама адводзіць сабе сціплую ролю, найперш падкрэсліваючы адданасць любімай справе мужа, яго працавітасць. У іх двое сыноў — Саша і Паша. Хлопцы падрасталі і паступова ўключаліся ў работу, дапамагаючы бацькам. Рос і сад. Ён ужо даўно выйшаў за межы прысядзібнага ўчастка. Сёння на даволі ўнушальнай тэрыторыі гарманічна суседнічаюць роўныя алеі пладовых дрэў і дэкаратыўных кустарнікаў, знайшлося таксама месца для сажалкі з чароўнымі вадзянымі лілеямі.

Ідучы за гаспадаром па яго ўладаннях і ўдыхаючы ні з чым непараўнальны водар квітнеючага саду, у галаве раіліся думкі: гэта ж колькі намаганняў спатрэбілася прыкласці, каб ён з’явіўся, колькі цяпер тут даводзіцца працаваць, каб падтрымліваць яго ў парадку?! А што рабіць восенню, у пару збору ўраджаю? У дадатак да ўсяго ёсць яшчэ і пасека, якая таксама патрабуе шмат часу і сіл. А вось Тамара і Аляксандр Дзіковіч такімі пытаннямі не задаюцца. Яны проста займаюцца любімай справай, жартуючы, што пры гэтым старасць іх ніколі не дагоніць. Не паспрачаешся…

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.