Усе ў лагеры!

Культура

Хутка лета, а значыць, і канікулы ў школьнікаў. Як толькі празвініць апошні званок, у хлопчыкаў і дзяўчынак з’явіцца шмат вольнага часу, а ў іх бацькоў — праблема, чым заняць сваіх сыноў і дачок, як арганізаваць іх летні адпачынак і аздараўленне.

Далёка не ва ўсіх сем’ях ёсць магчымасць адправіць дзяцей на тыдзень-другі на мора або ў вёску да бабуль і дзядуляў. І тут на дапамогу бацькам прыходзяць летнія аздараўленчыя лагеры. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніны Каспяровіч, сёлета ў іх адпачнуць каля тысячы школьнікаў, што складае прыкладна трэць ад усіх вучняў раёна. Як заўсёды, будуць працаваць дзённыя і кругласутачныя лагеры. Апошнія адкрыюцца на базе пастаўскага касцёла і АДРАЦ «Ветразь». У лагеры пры касцёле плануюцца пяць 9-дзённых змен па 35 дзяцей у кожнай, пачатак першай змены — 18 чэрвеня. У «Ветразі» будуць арганізаваны чатыры 18-дзённыя змены: тры — па 30 дзяцей і адна — 20. Ён пачне прымаць юных пастаўчан з 12 чэрвеня.

Самымі ж першымі, 4 чэрвеня, расчыняць дзверы дзённыя лагеры пры ўсіх сярэдніх і базавых школах раёна, а таксама пры раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. У іх змогуць адпачыць і паправіць здароўе 580 школьнікаў. Яшчэ 20 старшакласнікаў прыме лагер працы і адпачынку на базе СШ №1 г. Паставы. Два лагеры будуць працаваць і ў трэцяй гарадской школе: адзін — звычайны аздараўленчы, другі — праваслаўны. Працягласць змены ў іх, як і ў «Ветразі», — 18 каляндарных дзён.

Дзве змены па 50 дзяцей у кожнай плануецца набраць у дзённы спартыўны лагер на ФАКу па вуліцы Савецкай у райцэнтры. А калі жадаючых адпачыць у ім будзе больш, арганізатары гатовыя адкрыць дадатковую — трэцюю — змену, але ўжо працягласцю не 18, а 9 дзён. Таксама ў час летніх канікулаў будуць працаваць рознаўзроставыя атрады па месцы жыхарства і дзіцячыя пляцоўкі, якія арганізуюць РЦДМ і самі школы, а ў лагерах пры ўсіх гарадскіх школах — створаны спартыўна-патрыятычныя атрады для так званых цяжкіх падлеткаў.

Што датычыць бацькоўскай платы за знаходжанне дзяцей у лагерах, ва ўсіх, за выключэннем «Ветразя», яна складае ад 5 да 10 працэнтаў ад кошту пуцёўкі пры дзяржаўнай датацыі ў 76—79 рублёў. Плата за пуцёўку ў «Ветразь» для татаў і мам — 249 рублёў, датацыя — 185 рублёў. У сувязі з высокім коштам аздараўлення тут дзяцей рашэннем райвыканкама рэкамендавана пярвічным прафсаюзным арганізацыям кампенсаваць частку выдаткаў на набыццё пуцёвак са сваіх сродкаў. Трэба заўважыць, што плаціць за пуцёўку ў лагер давядзецца не ўсім бацькам. Дзеці-сіроты, інваліды, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў шматдзетных і малазабяспечаных сем’ях, а таксама ў сем’ях, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, аздараўліваюцца бясплатна.

На сённяшні дзень поўным ходам ідзе набор дзяцей у лагеры, назначаны іх начальнікі.

Алена ШАПАВАЛАВА