Хроніка здарэнняў


«Пастараліся» госці

У жыхара вуліцы Юшкевіча ў Паставах прапалі з дома 2000 долараў ЗША. Тое, што гаспадар мае грошы, ведаў 19-гадовы знаёмы, які раней пэўны час жыў у яго. Аднойчы прыйшоўшы ў госці, “сябар” непрыкметна сцягнуў валюту і паспеў патраціць яе да таго, як быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Яшчэ ў аднаго пастаўчаніна з вуліцы Касманаўтаў прапалі 100 долараў. Устаноўлена, што ўкраў іх жыхар Мядзела, які разам з пацярпелым распіваў у яго дома спіртное.

З дапамогай картачкі

У адзін з красавіцкіх дзён з заявай аб крадзяжы грошай з карт-рахунка ў РАУС звярнулася жыхарка вуліцы Зялёнай у райцэнтры. Высветлілася, што банкаўская картачка прапала ў жанчыны разам з кашальком. “Пасадзейнічаў” гэтаму 30-гадовы сусед, які не працуе і мае непагашаную судзімасць за злачынства супраць уласнасці. Увёўшы ў банкамаце Беларусбанка несапраўдную інфармацыю аб выкарыстанні картачкі яе трымальнікам, ён зняў з карт-рахунка 1310 рублёў. Частку сумы міліцыянеры змаглі канфіскаваць, а ў адносінах да рэцыдывіста ўзбудзілі чарговую крымінальную справу.

Не спадабаўся хлопчык

17 красавіка 54-гадовы жыхар вёскі Свіраны ў нецвярозым стане ўчыніў разборкі побач з мясцовым магазінам. Вяскоўцу чымсьці не спадабаўся 12-гадовы падлетак, які прыехаў на выхадныя да бабулі з г.п. Свір Мядзельскага раёна і выпадкова сустрэўся на вуліцы. Мужчына без прычыны ўдарыў яго кулаком у твар, прычыніўшы тым самым кровападцёк левай скулы. За гэта ў адносінах да хулігана ўзбудзілі крымінальную справу, яму пагражае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі.

Ён – у бальніцы, яна – пад следствам

Сапраўдная крымінальная драма разыгралася 21 красавіка ў адным з дамоў на плошчы Леніна ў райцэнтры. Яе героямі стала сямейная пара, якая пражывае ў так званым грамадзянскім шлюбе, а віноўнікам, з-за чаго ўсё адбылося, — спіртное. Знаходзячыся ў нецвярозым стане, гаспадыня дома пасварылася з сужыцелем і ўдарыла яго нажом у жывот. Мужчына атрымаў пранікальнае раненне пярэдняй брушной сценкі, якое адносіцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Цяпер ён знаходзіцца на лячэнні ў цэнтральнай райбальніцы, а сужыцелька — пад следствам.

Пастаўскія «гастролі»

27 красавіка ў жыхара Пастаў ад магазіна на рыначнай плошчы ўкралі трохколавы веласіпед “Стэлс” і дзве пары купленага абутку. Неўзабаве з дапамогай службовага сабакі Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы злодзей быў затрыманы. Ім аказаўся 27-гадовы жыхар Нарачы, які нідзе не працуе і літаральна на днях выйшаў з турмы. Высветлілася, што на рахунку маладога чалавека яшчэ адзін крадзеж — матацыкла “Хорс-Альфа” з гаража жыхара вёскі Вярэнькі. Тэхніка прапала 26 красавіка, пакуль гаспадар быў на рабоце, а знайшлі яе ў лясным масіве за 1,5 кіламетра ад вёскі.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА