Як добра мы дрэнна жылі


Так называўся рэтра-вечар, які прайшоў у цэнтральнай раённай бібліятэцы

Зала была аздоблена ў стылі 60—80-х рознымі рэчамі — этажэрка, модныя на той час посуд, патэфон, дываны, сурвэткі, абрусы, вышыўка. На спецыяльнай выставе — часопісы «Огонёк», «Сельская новь», «Наука и жизнь», «Вокруг света», «Работница и селянка» і многія іншыя. Вядучая Валянціна Гірвель убралася ў касцюм з крымплену — самай моднай на той час тканіны. І праз віртуальнае падарожжа вярнула прысутных у вядомую ў недалёкім мінулым краіну — СССР. Актыўнасць праявілі і ўдзельнікі клуба «Сучаснікі», якія былі запрошаны на мерапрыемства. Яны расказвалі пра тое, як жылі, сябравалі, чым даражылі, што акружала і радавала іх.

— Тады, здаецца, неба было больш блакітным, дрэвы — вышэйшымі, марожанае — смачнейшым, — гаварылі. — А галоўнае — адносіны паміж людзьмі — больш цёплымі і шчырымі. Сусед быў як брат, у святы разам ішлі на дэманстрацыі, потым збіраліся за адным вялікім сталом. У выхадныя каталіся на лыжах, гулялі ў шахматы, шмат чыталі.

Кумірам хлопцаў быў Юрый Гагарын, дзяўчат — Валянціна Церашкова. Набіўныя дываны «Тры багатыры», «Паляўнічыя на прывале» — папулярнае ўпрыгажэнне на сценах дамоў. Пазней іх замянілі плюшавыя. Практычна ў кожнай кватэры віселі гадзіннікі з зязюляй і боем. А мода на хрусталь? Розныя статуэткі з яго займалі ганаровае месца за шклом сервантаў, секцый.

Не сцерліся з памяці любімыя тэлеперадачы «В гостях у сказки», «Клуб путешественников», «В мире животных», «Очевидное-невероятное», «Песня года», «От всей души», «Голубой огонёк», «Вокруг смеха», «Кабачок 13 стульев» і іншыя, якія збіралі ля экранаў тэлевізараў кожную сям’ю.

Прысутныя ўспаміналі модныя тэндэнцыі тых часоў у адзенні (нейлонавыя блузкі з жабо, футравыя шапкі, туфлі на платформе, боты-панчохі), парфуме (туш «Ленинградская», пудра «Кармен», «Жемчуг», «Рашель», духі «Красная Москва», «Рижская сирень», «Ландыш серебристый», «Быть может», адэкалоны «Шипр», «Саша», «Русский лес», «Тройной»), любімыя замежныя кінафільмы («Есения», «Фанфан-Тюльпан», «Зорро», «Фантомас») і айчынныя  — «Пираты XX века», «Бриллиантовая рука», «Свадьба в Малиновке», «Кавказская пленница, или Новые приключения Шурика», «Экипаж»), песні («Весна на Заречной улице», «Огней так много золотых», «Ромашки спрятались», «Гляжу в озёра синие» і многія-многія іншыя), якія застаюцца застольнымі да гэтага часу,  вакальна-інструментальныя ансамблі («Поющие гитары», «Весёлые ребята», «Пламя», «Земляне», «Верасы», «Песняры», «Лейся, песня», «Синяя птица», «Самоцветы»), салістаў (Яўгеній Мартынаў, Леў Лешчанка,  Муслім Магамаеў, Юрый Антонаў, Эдуард Хіль, Яак Ёала, Ганна Герман, Людміла Сенчына, Сафія Ратару, Марыя Пахоменка, Надзея Чапрага, Ала Пугачова).

Падчас конкурсаў, віктарын прысутныя беспамылкова расшыфроўвалі абрэвіятуры, называлі дакладны кошт таго ці іншага тавару, паслугі, адказвалі на пытанні, звязаныя з СССР.

У сцэнарыі, які падрыхтавала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Іна Бандарэнка, былі адлюстраваны ўсе ключавыя моманты той эпохі. Вечар выклікаў настальгію, прынёс шмат прыемных эмоцый.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ 

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте