З 8 па 10 чэрвеня будуць спяваць цымбалы і залівацца гармонік

Культура

Фота з архіва С.Вшыўкава

Такая дата правядзення ХХІ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» выбрана яго арганізатарамі і ўзгоднена з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Аргкамітэтам аднаго з галоўных музычных форумаў краіны, су­старшынёй якога з’яўляецца кіраўнік раёна С. В. Чэпік, зацвер­джана праграма фестывальных мерапрыемстваў і падрыхтаваны папярэдні каштарыс свята. Яго фінансаванне будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў названага вышэй міністэрства, Віцебскага аблвыканкама і Пастаўскага райвыканкама. Таксама адпраўлены запрашэнні замежным калектывам, індывідуальным выканаўцам і афіцыйным дэлегацыям гарадоў-пабрацімаў. Зараз ідуць папярэдні адбор і ўзгадненне з абласцямі беларускіх ­удзельнікаў. Як паведамілі ў раённым выканаўчым камітэце, чакаецца прыезд каля 350 удзельнікаў. Ужо даслалі свае заяўкі музыканты з Расіі, Латвіі, Эстоніі і Украіны. Спадзяёмся ўбачыць у гасцях і прадстаўнікоў Літвы, Славакіі, Польшчы і Францыі.

Увогуле, падрыхтоўка да фестывалю сёлета пачалася як ніколі рана. Арганізатарам вельмі хочацца, каб гэта свята народнай музыкі, якое будзе праходзіць у Год малой радзімы, стала асаблівым, захаваўшы цудоўныя традыцыі мінулых гадоў, напоўнілася новым зместам, пазнаёміла гасцей з пастаўчанамі, якія праслаўлялі і праслаўляюць родныя мясціны. Таму побач з добра вядомымі мерапрыемствамі ў фестывальную праграму ўключаны новыя. Гэта прэзентацыя кнігі «Гонар нашага краю», падрыхтаванай супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея і прысвечанай вучоным, якія нарадзіліся або былі звязаны лёсам з Паставамі і Пастаўскім раёнам на працягу чатырох апошніх стагоддзяў, а таксама адкрыццё выставы з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння былога старшыні раённага выканаўчага камітэта, таленавітага кіраўніка і актыўнага грамадскага дзеяча В. В. Чэпіка. Галоўнай жа асаблівасцю сёлетняга фестывалю стануць канцэрты найбольш цікавых народных калектываў у аграгарадках раёна. Плануецца, што госці выступяць 8 чэрвеня ў Юньках, Камаях, Дунілавічах, Навасёлках і Варапаеве.

Алена ШАПАВАЛАВА