Заахвочаныя за старанне

Экономика

У мінулую пятніцу механізатары сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-агра” Валерый Вайткевіч і Аляксандр Парневіч (на здымку) крыху даўжэй, чым звычайна, затрымаліся ў майстэрні — чакалі прыезду старшынь раённага аб’яднання прафсаюзаў Іны Далецкай і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксея Філімонава.

— Нагода для наведвання гаспадаркі прыемная, — гаварыла Іна Далецкая. — Згодна з рашэннем раённага аб’яднання прафсаюзаў, Валерый і Аляксандр узнагароджваюцца граматамі і падарункавымі сертыфікатамі.

— Сельгаспрадпрыемства адно з першых у раёне прыступіла да веснавых палявых работ, — даваў тлумачэнні Аляксей Філімонаў. — І першае завяршае сяўбу. На сённяшні дзень зерневымі і зернебабовымі занята 90,8 працэнта плошчы. Амаль на 1200 гектарах гэту работу правялі Валерый Вайткевіч і Аляксандр Парневіч. Затым яны пасеялі лён на 100 гектарах, а Валерый — на 220-ці яшчэ і рапс. Механізатары не першы год займаюцца сяўбой, з уласнай практыкі ведаюць усе яе тонкасці, захоўваюць тэхналагічныя патрабаванні, не баяцца цяжкасцей, з любой пастаўленай задачай спраўляюцца выдатна. Для іх галоўнае — эфектыўнасць працы. Таму рупліўцы і заахвочаны раённым аб’яднаннем прафсаюзаў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ