Рэанімуюць землі

Личности

Ігар Маслоўскі (у цэнтры) з Мікалаем Міроненкам, Іванам Субачам, Віктарам Чарняўскім і Паўлам Дзісько

У пачатку восьмай гадзіны на тэрыторыі прадпрыемства меліярацыйных сістэм было людна. Механізатары завіхаліся ля тэхнікі, надзённыя праблемы вырашалі паміж сабой інжынерна-тэхнічныя работнікі, некаторыя падыходзілі з пытаннямі асабіста да кіраўніка Ігара Маслоўскага.

— Яшчэ пару хвілін, і людзі раз’едуцца па вызначаных месцах, — патлумачыў Ігар Іосіфавіч. — Новыя меліярацыйныя сістэмы цяпер не ўзво­дзяцца. Галоўным кірункам нашай дзейнасці застаецца аднаўленне меліярацыйных зямель, іх тэхнічны догляд, а таксама рамонтна-эксплуатацыйныя работы. Асноўны аб’ект размешчаны на землях ААТ «Хацілы-агра». На некаторых участках, дзе свае сілы прыклалі меліяратары, ужо каласіцца збажына, на іншых прыступім да работы пасля таго, як убяруць першы ўкос траў.

Сёлета, згодна з распрацаванай праграмай па зберажэнні і выкарыстанні меліяраваных зямель, пастаўскія меліяратары будуць праводзіць рэканструкцыю меліярацыйных сістэм на аб’ектах адкрытага акцыянернага таварыства «Камайскі-агра», сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра». На адведзеных землях правядуць ачыстку і рамонт існуючых каналаў, выкарчоўку кустоўя, аднаўленне дрэнажнай сеткі, іншыя мерапрыемствы. Праз пэўны час гэтыя ўчасткі стануць прыгоднымі для вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

Меліяратары — галоўныя памочнікі аграрыяў. Іх часта называюць рэаніматарамі зямель. У мінулыя гады даводзілася бываць на аб’ектах, на якіх меліярацыйная тэхніка яшчэ толькі прыступала да работы. Карціна непрыглядная: забалочаная, зарослая хмызняком і пустазеллем зямля. А праз некаторы час, дзякуючы меліярацыйнай службе, ўводзілася ў севазварот. Меліяратары пастаянна працуюць у цесным кантакце з кіраўнікамі, аграномамі гаспадарак, на землях якіх вядуць работы. А яшчэ аказваюць па­сільную дапамогу сельгасарганізацыям раёна падчас пасяўной, уборачнай кампаній. Карыстаюцца попытам паслугі экскаватара, бульдозера. Яны запатрабаваныя дарожнікамі, будаўнікамі, заводам «Беліт». Задзей­нічаны таксама на добра­ўпарадкаванні райцэнтра, абкошванні прыдарожных каналаў, вадаёмаў.

— Аб’ём работ выконваем немалы, — гаварыў Ігар Маслоўскі. — І, як вядома, поспех у любой справе ў многім залежыць ад згуртаванасці калектыву. Багаты вопыт работы ў меліярацыі маюць экскаватаршчык Мікалай Міроненка, бульдазерыст Павел Дзісько, вадзіцелі Міхаіл Зубак, Мар’ян Кішко, Іван Субач, механізатар Віктар Чарняўскі. Адказна выконваюць свае абавязкі майстар Аляксей Счасны, прараб Юрый Вайцяшонак, загадчык майстэрань Фёдар Крывенькі. Лёгка ўліліся ў калектыў маладыя: спецыяліст па дзяржаўным уліку Яна Шувалава і механік Аляксей Шамро. З удзячнасцю ўспамінаю свайго былога намесніка Грыгорыя Казакевіча, які не адзін дзясятак гадоў прысвяціў нашай сістэме і нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак. Цаню прафесіяналізм галоўнага бухгалтара Тарэсы Міх­новіч, спецыяліста па кадрах і старшыні прафсаюзнай арганізацыі Тамары Чэрвонай.

Фотаздымак старшыні прафкама занесены на Дошку гонару кіруючай кампаніі холдынга «ВитМелио». У абласным аглядзе-конкурсе прафсаюзных арганізацый аграпрамысловага комплексу па ахове працы наша прафсаюзная арганізацыя заняла другое месца. І гэта несумненная заслуга Тамары Чэрвонай. Сацыяльная абарона тых, хто працуе ў ПМС, — адзін з раздзелаў калектыўнага дагавора. Згодна з дакументам, прадугледжаны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання работнікаў. Вось і напярэдадні прафесійнага свята найбольш актыўныя члены прафсаюза будуць адзначаны граматамі райкама прафсаюза, каштоўнымі падарункамі. Грамат холдынга ўдастоены Мікалай Міроненка і Павел Дзісько.

Менш чым год узначальвае калектыў Ігар Маслоўскі. «Душой хварэе за агульную справу. Умела вырашае складаныя пытанні. З павагай ставіцца да кожнага», — такія водгукі пра кіраўніка пачула ад падначаленых.

— Напярэдадні свята хочацца пажадаць усім работнікам, а таксама меліяратарам-ветэранам поспехаў, дабрабыту, моцнага здароўя, — падсумаваў нашу размову дырэктар.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.