А душа просіць: «Вышывай!»

Личности

Рычард Сеганкевіч

За тыдзень да фестывалю пазваніла сваёй даўняй знаёмай, члену Беларускага саюза народных майстроў Ліліі Радзівонаўне Зарэцкай, і пацікавілася, ці будзе яна ўдзельнічаць у “Горадзе майстроў”. “Вельмі шкадую, што з-за нездароўя не магу прыехаць, — пачула ў адказ. — Але выстава работ будзе, іх прывязуць мае дачушкі Света і Таня. Каб вы ведалі, як баляць рукі, а душа просіць: “Вышывай!” І я вышываю, зрабіла шмат новых работ”.

Вышыўкі Ліліі Зарэцкай

І вось ступаю на тэрыторыю “Горада майстроў”, які размяшчаецца на адкрытай танцавальнай пляцоўцы ў гарадскім парку, і застываю ў захапленні — у самым цэнтры, бадай што, чацвёртую частку выставачнай прасторы займаюць вышыўкі Ліліі Радзівонаўны. Чаго тут толькі няма — вялізныя пано і карціны меншых памераў, падушачкі, абрусы, сурвэткі, дыванкі. Падыходзяць людзі. Разглядваюць, здзіўляюцца: няўжо адзін чалавек мог стварыць столькі прыгажосці?! Фатаграфуюцца на фоне вышывак, пакідаюць удзячныя запісы ў кнізе водгукаў.

Я прадаўжаю экскурсію па незвычайным горадзе, знаёмлюся з майстрамі і іх работамі. “Пастаўшчыну прадставілі 12 майстроў. У іх ліку як ужо даўно вядомыя, так і тыя, хто выставіў свае творы ўпершыню, — расказвае дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух. — Прывабліваюць работы Сяргея Шчэрбы, Леанарды Івановай, Анжалікі Рагуты, Алены Аўраменка, Алы Жук, Рычарда Сеганкевіча і іншых таленавітых пастаўчан”.

Работы докшыцкага майстра Віктара Гарбачова

Мелі чым уразіць наведвальнікаў майстры з Докшыцкага, Шаркаўшчынскага і Ушацкага раёнаў, а клубы нацыянальнай кухні “Традыцыя” (Паставы), “Груца” (Шаркаўшчына), “Прысмакі” (Ушачы) прываблівалі разнастайным смакоццем.

Лічу дарэмным заняткам пераказваць тое, чым здзіўляў “Горад майстроў”. Хто бачыў — запомніў і ацаніў. А я, зусім не здольная да майстравання, шчыра пазайздросціла людзям, чыя душа про­сіць: “Вышывай! Малюй! Выразай! Выпальвай! Вяжы!” І яны зноў і зноў акунаюцца ў творчасць.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.