Адчуць радасць руху

Общество

Вам дапамогуць у 1-ым ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь

Праблемы, звязаныя з апорна-рухальным апаратам, маюць многія. Боль прычыняюць артроз, эпікандзіліт, астэахандроз, пятачная шпора. Шмат непрыемнасцей дастаўляюць цэлюліт, расцяжкі, шрамы, спартыўныя і іншыя траўмы. Адзін з інавацыйных метадаў лячэння такіх захворванняў — ударна-хвалевая тэрапія, распрацаваная ў клініках Германіі і Швейцарыі. З канца мінулага года прымяняецца і ў 1-ым ваенным шпіталі ОПС Рэспублікі Беларусь. Для гэтага ёсць сучасны апарат вытворчасці Вялікабрытаніі.

Загадчыца фізіятэрапеўтычнага аддзялення ўрач-фізіятэрапеўт першай катэгорыі Тамара Януковіч расказвала: «Захворванні, выкліканыя адкладаннем соляў у арганізме, парушэннем абмену рэчываў, прычыняюць нязручнасці штодня. Ні масаж, ні анальгетыкі ці прамянёвая тэрапія не дапамагаюць зняць боль. Аперацыя — крайняя мера. А з дапамогай акустычных хваль, якія нясуць высокую энергію да балявых месцаў, іх можна лячыць. У выніку змяншаецца балявы сін­дром, паляпшаецца крова­зварот, паскараецца працэс зажыўлення і рэгенерацыі сухажылля і мяккіх тканак. За 2-5 сеансаў можна адчуць палёгку».

Размову перапыніў ціхі стук у дзверы. Пацыент — малады ваеннаслужачы. У шпіталі праходзіць рэабілітацыю пасля атрыманай траўмы. Тамара Францаўна запрашае яго прыняць зручнае становішча, наносіць спецыяльны гель, які паляпшае праходжанне акустычнай хвалі, уключае апарат накшталт пнеўматычнага пісталета са спецыяльным аплікатарам і распачынае працэдуру. Працягласць аднаго сенса — 10-15 хвілін.

— Такая тэрапія карыстаецца папулярнасцю, — дадае ўрач-фізіятэрапеўт. — Сапраўдная палачка-выручалачка для нас. Паспрабаваўшы розныя метады лячэння, у многіх пацыентаў станоўчы вынік назіраецца менавіта пасля праходжання ўдарна-хвалевага курса, яны адчулі радасць руху.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.