Аднойчы і назаўсёды

Общество

выбрала спецыяльнасць правізара Алена Лапушынская

Яе стаж работы ў фармацыі — 36 гадоў. У 1982-ім з чырвоным дыпломам закончыла Магілёўскае медвучылішча, пазней — завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага медінстытута.

— Такім жа шляхам пайшла і мая дачка Людміла, — заўважыла ў размове Алена Іосіфаўна. — Спачатку закончыла вучылішча, а потым медуніверсітэт. Зараз загадвае аптэкай у Мінску. У сталіцы жыве і другая дачка, Таццяна, яна — педагог. У абе­дзвюх сем’і, маю ўнука і ўнучку.

— І нават збіраецца сёлетняй восенню выйсці на пенсію, каб займацца ўнукамі, — далучаецца да размовы загадчыца цэнтральнай аптэкі № 87 Жанна Лагвіненка. — Але не ўяўляю, як Алена Іосіфаўна зможа развітацца з работай, яна ж так любіць сваю справу. Таму спа­дзяюся, што яшчэ не адзін год застанецца ў калектыве. На такіх самаадданых ветэранах, як яна, і трымаецца наша аптэчная сетка. З іх ліку хачу таксама адзначыць Таццяну Мельнікаву, Марыну Шумскую, Валянціну Бурак, Аксану Макарэвіч, Алену Козел, Валянціну Громаву, Кацярыну Хільчанка, Марыну Скаромную, Святлану Паўлаву.

Радуе і маладзейшае пакаленне: Таццяна Дробышава, Алеся Вярбіцкая, Алена Дашкевіч, Марына Скаромная. Выдатна зарэкамендавалі сябе выпускніцы медвучылішча На­дзея Будовіч, Эліза Кадушкевіч, Насця Рамановіч, якія прыйшлі да нас на працу мінулым летам.

 Ім ёсць у каго павучыцца. Вось і ў Алены Іосіфаўны найбагацейшы вопыт, яна паспяхова спраўляецца на любым участку: прымае і адпускае тавар у гарадскія і сельскія аптэкі, ажыццяўляе ўнутрыведамасны кантроль над імі, займаецца справаздачнасцю. Адной з першых асвоіла новую камп’ютарную праграму «Беларуская аптэка» і зараз вучыць гэтаму іншых. Прымае актыўны ўдзел у жыцці калектыву — шмат гадоў узначальвала прафсаюзны камітэт, цяпер з’яўляецца намеснікам старшыні прафкама.

Адкрыты, пазітыўны чалавек, яна знаходзіць агульную мову з усімі і з’яўляецца прыкладам як у працы, так і ў жыцці. «Ніякіх асаблівых заслуг у мяне няма, — сціпла зазначае сама. — Проста я люблю справу, якой займаюся, і людзей, поплеч з якімі працую».

                  Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.