Аператыўнасць, зладжанасць і захаванне тэхналогіі

Сельское хозяйство

Святаслаў Зарэцкі і Мікалай Шынкевіч

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Навасёлкі-Лучай» нарыхтоўка кармоў стартавала ў навасёлкаўскім аддзяленні. За дзевяць дзён амаль на 900 гектарах травы скасілі, частку масы правялілі і заклалі на сянаж у ямы каля Рудзевіч, Баравіннікаў і Навасёлак, частку высушылі на сена.

У мінулы аўторак механізатары на трактарах з касілкамі пераехалі на землі коўзанаўскага аддзялення. Руслан Шымко з дзевяціметровай касілкай зрабіў некалькі кругоў па полі, і здарылася непрадбачанае — спусціла пярэдняе кола трактара. 

— Чакаю дапамогі з майстэрань, — расказваў, паглядаючы на дарогу. — Патэлефанаваў галоўнаму інжынеру, неўзабаве павінны прывезці замену. У гаспадарцы ўсе пытанні вырашаюцца аператыўна. Засмучае, што травы сёлета слабаватыя. Бывала, за сабой касілка пакідала тоўсты пракос, а сёлета быццам газон кашу. Хоць травы і падкармілі своечасова, а іх рост прытармазіла засуха.

Не прыносіць работа задавальнення і тым, хто зграбае, падбірае скошанае, адвозіць у сянажныя ямы.

— Вунь з якой плошчы ўбралі траву, а траншэю яшчэ не запоўнілі, — з заклапочанасцю гаварылі Святаслаў Зарэцкі і Мікалай Шынкевіч. — Мы з раніцы дастаўляем зялёныя кармы на фермы, на якіх жывёла знаходзіцца кругласутачна, затым возім у яму — на зіму. Жывёлы ў гаспадарцы шмат, таму і кармоў трэба багата. Прыкладваем максімум намаганняў, каб стварыць трывалую кармавую базу на зімова-стойлавы перыяд.

Руслан Шымко

— Разлічваем на другі ўкос, — не губляе аптымізму дырэктар Юрый Шымчык. — Пашырылі пасевы кукурузы: пры плане 700 гектараў засеялі 1000. Розныя здараліся гады, але бяскорміцы не было. Згодна з планам, нам трэба скасіць травы амаль на 2500 гектарах, нарыхтаваць 23300 тон сенажу, 1800 тон сена. На 8 чэрвеня травы ўбраны больш чым на 1200 гектараў, што складае 50,9 працэнта ад плана. З года ў год на корманарыхтоўцы занятыя пастаянныя людзі. Лепшых з лепшых вылучыць складана, бо ўсе працуюць добра і кожны заслугоў­вае слоў падзякі.

Работа на зялёных палетках вя­дзецца ўвесь светлавы дзень. А Уладзімір Праліч і Казімір Віннік зялёную масу ў траншэях трамбуюць кругласутачна. З 9-метровымі касілкамі рупяцца Руслан Шымко і Андрэй Врублеўскі, з ротарнымі — Аляксандр Федаронак, Валянцін Мацур, Аляксандр Смолка, Дзмітрый Казак. За імі на поле выязджаюць з 6-метровымі граблямі Яніс Вішнеў­скі, Аляксандр Мацейка, з 9-метровымі — Юрый Татарчук. На падборы і здрабненні зялёнай масы няма роўных Юрыю Гваздову і Сяргею Салонінку, якія працуюць на «Ягуары» і КВК-800. На адвозцы задзейнічана 11 адзінак тэхнікі: трактары, МАЗы. Сена ў рулоны прасуе Аляксандр Муляронак.

Яніс Вішнеўскі і Юрый Татарчук

— Асаблівую ўвагу надаём якасці корму, — тлумачыў начальнік навасёлкаўскага аддзялення Уладзіслаў Шарснёў. — Каб захаваць у зялёных кармах усе пажыўныя рэчывы, строга прытрымліваемся правіл тэхналагічнага працэсу. Паралельна з нарыхтоўкай кармоў для грамадскага статка клапоцімся і пра тых, хто на сваіх падворках трымае кароў, а атрыманы прыплод прадае ў гаспадарку. З Навасёлак і бліжэйшых вёсак такіх сёлета набралася больш за 20 чалавек. За адно цяля — паўтоны бясплатнага сена, за двух — тону.

Асноўныя работы па корманарыхтоўцы ў навасёлкаўскім аддзяленні завяршаліся. На чарзе — коўзанаўскае, лучайскае, цешалаўскае. Аператыўнасць, зладжанасць і захаванне тэхналогіі — вось галоўныя складальнікі паспяховасці навасёлкаўскіх рупліўцаў. 

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.