Баявы разлік у брэсцкай цытадэлі

Правовое поле

22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы ў Брэсцкай крэпасці зноў было не да сну: як і 77 гадоў таму, тут грымелі артылерыйскія залпы, ішлі кровапралітныя баі. З той толькі розніцай, што яны, як і іншыя дзеі, якія тут адбываліся, не сведчылі пра пачатак вайны, а ўслаўлялі подзвіг тых, хто здабываў для нас Перамогу. У гэты жалобны дзень аддаць даніну павагі абаронцам Айчыны на плошчы Цырыманіялаў сабралася каля дзесяці тысяч чалавек.

Незабыўныя ўражанні пакінуў мітынг-рэквіем на мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Ён пачаўся з захапляльнай лазернай пастаноўкі. Аглушальным выбухам перадсвітальную цішыню ўскалыхнулі кулямётныя стрэлы і артылерыйскія залпы. Сэрца сціскалася, калі на ўстаноўленым ля Вечнага агню экране мяняліся фотаздымкі нязломных абаронцаў крэпасці, а вядучыя расказвалі пра іх гераічную гібель. Загінулых абаронцаў Радзімы ўшанавалі хвілінай маўчання, а пагранічнікі ў памяць пра іх апусцілі вянкі з запаленымі лампадкамі на водную роўнядзь Буга.

Таксама падчас мітынгу-рэквіема намеснік Старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Уладзімір Маісеенка прыняў даклад аб завяршэнні эстафеты «100 гадоў на варце граніц Айчыны», якая стартавала ў Дзень пагранічніка на Плошчы Перамогі ў сталіцы. За гэты час эстафетная група пабывала больш чым у сарака населеных прыгранічных пунктах. У тым ліку і ў Паставах.

Не менш відовішчнай была і рэканструкцыя ключавых момантаў абароны Брэсцкай крэпасці. Яна запомнілася выдатнай акцёрскай гульнёй, рэалістычнасцю атак, узяцця ў палон жонак і дзяцей камандуючага складу, конных раз’ездаў пагранічнікаў.

Прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у легендарнай цытадэлі над Бугам выпаў гонар і мне. У сем гадзін вечара 21 чэрвеня на пляцоўцы ля скульптурнай кампазіцыі «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць ступілі» каля 40 курсантаў нашага інстытута і 6 кадэтаў з Ніжняга Ноўгарада правялі акцыю «Баявы разлік». Дарэчы, я даўно марыў убачыць гэты мемарыял, бо шмат чытаў пра яго, бачыў у падручніках: ён узведзены на тэрыторыі каля руін заставы, якой на момант пачатку вайны камандаваў лейтэнант Андрэй Кіжаватаў. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Час правядзення акцыі выбраны таксама невыпадкова: ужо не адно дзесяццігоддзе на кожнай пагранічнай заставе штодня ў 19.00 вартавыя граніц становяцца ў строй на баявы разлік і заступаюць на службу па ахове Айчыны.

Вось і ў той дзень, трымаючы ў руках партрэты байцоў Беларускай пагранічнай акругі, якія вызначыліся ў першыя дні вайны, мы правялі баявы разлік. Завяршыўся ён сімвалічным убыццём пагранічнага нарада на ахову Дзяржаўнай граніцы. У той момант душу перапаўнялі пачуццё гонару за ўсіх пагранічнікаў, іх мужнасць і  вернасць воінскай прысязе. Пасля баявога разліку да нас падыходзілі людзі, не стрымліваючы слёз, дзякавалі за памяць, непарыўную сувязь пакаленняў ахоўнікаў граніц, некаторыя паказвалі на партрэты і казалі, што гэта іх сваякі. Такія словы краналі, напаўнялі пачуццём патрыятызму, а разам з тым і ўсведамленнем уласнай адказнасці перад беларускім народам.  

Іван ФІЛАНОВІЧ, курсант Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь
Фота з сайта Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.