Чылійскія вавёркі Пірат і Маха

Общество

Дэгу — гэта грызун, знешне падобны на тушканчыка. Другая яго назва — чылійская вавёрка (радзіма дэгу — Чылі, Паўднёвая Амерыка).

У мінулым годзе ажыццявілася мая мара набыць незвычайную хатнюю жывёлінку. Сям’ёй паехалі да маёй сястры ў Ліду. А да гэтага на сямейным савеце было вырашана, што дадому я вярнуся з жаданым гадаванцам. Калі прый­шлі на рынак, то мой позірк адразу спыніўся на дэгу, я стаяла ля клеткі са звяр­камі, нібы зачараваная. Так у мяне з’явіліся Пірат і Маха.

Мае дэгу вельмі актыўныя, патрабуюць да сябе пастаяннай увагі, клопату. У іх тоўстая кароценькая шый­ка, прыплясканы но­сік і згорбленая спінка. Маюць цёмна-карычневую афарбоўку. Вельмі цікава назіраць за імі, даглядаць.

Пірат і Маха поўнасцю вегетарыянцы. Асноўны іх рацыён — карэньчыкі, трава і насенне раслін. Але з задавальненнем спажываюць зерне, сухары, сена. Не адмовяцца і ад свежай агародніны і фруктаў.

Мае чылійскія вавёркі вельмі акуратныя. Па некалькі разоў на дзень «купаюцца» ў пяску, спецыяльна падрыхтаваным для іх, чысцяць шэрсць ад бруду. Хоць дэгу вясёлыя, ручныя звяркі, палохаюцца рэзкіх рухаў. А з якім задавальненнем падстаўляюць свае бачкі, каб іх пачасалі!

Жывуць яны ў прасторнай клетцы, у якой ёсць лесвічкі, канаты, кола і домік. А яшчэ я падкладваю сваім любімцам сухія галінкі дрэў, каб яны маглі пастаянна вастрыць свае зубкі (у дэгу яны растуць усё жыццё). Звяркі маюць выдатны слых і нюх. Дарэчы, скура на хвасце ў іх выконвае ахоўную функцыю: калі хвост заціснуць у руках, то скура з яго злезе, і дэгу збяжыць. Таму хапаць і трымаць дэгу за хвост нельга.

А ў гэтым годзе Пірат і Маха падарылі мне дзевяць маленькіх шчанючкоў. Калі яны падраслі, я падарыла іх сваім сябрам і знаёмым. Жадаючых набыць цудоўных дэгу яшчэ шмат.

На днях прынесла Пірата ў аздараўленчы лагер. І на працягу дня ім маглі любавацца і дзеці, і выхавальнікі.

Аня Сакалова, вучаніца Курапольскай базавай школы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.