Чым багаты, тым і рады

Культура

Ну што гэта за свята, калі сталы не накрыты? На Пастаўшчыне так не бывае. Мала таго, што работнікі грамадскага харчавання шчыруюць, каб не проста накарміць сотні ўдзельнікаў і гасцей міжнароднага фестывалю, але і ўразіць іх фірменнымі пастаўскімі стравамі, дык яшчэ і ўсе сельскія Саветы здзіўляюць сваімі падворкамі. Іх агляд-конкурс так і называўся «Пастаўшчына гасцінная». На гэты раз ён прысвячаўся Году малой радзімы і меў шмат адметнасцей родных куточкаў.

«Лепей за ўсё на свеце мясціна тая, дзе нарадзіўся і ўзрос, бэз пад акном і ў полі каліна, ціхае сонца блакітных нябёс», — чытаю на Валкоўскім падворку і з цікавасцю разглядваю здымкі прыгожых тамтэйшых мясцін. Не толькі гэты, але і ўсе іншыя падворкі аформленыя ў народным стылі і аздобленыя самаробнымі вырабамі. Радуюць вока посцілкі, ручнікі, вышыўкі, вязаныя рэчы. Бярозавыя галінкі, дзікі лубін, чарот прыбліжаюць да прыроды.

Ля Казлоўшчынскага падворка прысеў рыбалоў-аматар, праўда, бутафорскі. А вось Русалачка амаль што сапраўдная, і шмат хто жадаў сфатаграфавацца з ёй на памяць. Паколькі на тэрыторыі гэтага сельсавета знаходзіцца рыбгас «Навінкі», то рыбная тэма дамінавала і ў стравах. Тут меўся нават рыбны скляпок.

 Стравы, канешне ж, не ў апошнюю чаргу прываблівалі да падворкаў і пастаўчан, і гасцей горада. Ля кожнага тоўпіліся людзі, каштавалі прысмакі, прасілі па­дзяліцца рэцэптамі прыгатавання. Дамашнія каўбасы і духмянае сала, салёныя грыбочкі, дранікі, шурпа, юшка, разнастайная выпечка, бярозавы сок — ды хіба магчыма пералічыць усё, чым багатыя нашы вяскоўцы і што яны былі рады прапанаваць гасцям! А ў дадатак — сваю шчырасць, гасціннасць, таленты. На падворках заліваліся гармонікі, плылі беларускія песні. Іх гаспадары, прыбраныя ў асноўным у народныя строі, запрашалі гасцей разам з імі патанцаваць і паспяваць, далучалі да гульняў.

А вось і самы адказны момант — з падворкамі знаёміцца і ацэньвае іх журы на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Пятром Курто. Побач з ім — старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік. Пасля абмеркавання ўбачанага і пачутага яны вынеслі наступны вердыкт — першае месца прысуджана падворку Валкоўскага сельскага Савета, другое — Юнькаўскага, трэцяе — Ярэўскага. Вынікі былі абвешчаны на наступны дзень на гала-канцэрце. Пётр Курто ўручыў старшыням названых сельскіх Саветаў прызы. Заахвочвальным прызам адзначаны таксама Казлоўшчынскі сельскі Савет.

Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.