Для сябе і школы

Образование

 

11 чэрвеня ў СШ №1 пачаў дзейнічаць лагер працы і адпачынку. А на гэтым тыдні на яго базе створана вучнёўская брыгада па рамонце школы.

Рыхтуюць установу адукацыі да новага навучальнага года 12 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак, усе — вучні 10 класа. Працаваць, сябраваць і проста весела бавіць час у прышкольным лагеры яны будуць да канца бягучага месяца.

 — Кожны працоўны дзень пачынаецца ў 8.30 з невялікай планёркі і інструктажу па тэхніцы бяспекі. Затым — сняданак. Пасля яго пачынаем займацца фізічнай працай, — расказвала начальнік лагера і па сумяшчальніцтве кіраўнік рамонтнай брыгады Наталля Асадчая. — Абед у 12.45, разам з ім выдаюць і падвячорак — у лагеры трохразовае харчаванне. Пасля гадзіннага адпачынку надыходзіць час разнастайных мерапрыемстваў: спартыўных спаборніцтваў, экскурсій, віктарын, размоў з псіхолагам, сустрэч з цікавымі людзьмі. У 16 гадзін падлеткі разыходзяцца па дамах.

На мінулым тыдні юнакі і дзяўчаты рыхтавалі школу да рамонту: выносілі з класаў мэблю, пры неабходнасці папраўлялі яе, а таксама спартыўны інвентар, мылі сцены, падаконнікі, батарэі. Нехта займаўся добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі і спартпляцоўкі, а нехта перапісваў нумары падручнікаў і потым звяраў іх з камп’ютарнай базай, рамантаваў кнігі, абнаўляў фармуляры навучэнцаў. Работа знайшлася для ўсіх. З 18 чэрвеня школьнікі прыступілі непасрэдна да рамонту навучальнай установы. Брыгада фарбуе сцены, падлогі, вокны, радыятары ацяплення, спартыўную залу. І, са слоў настаўнікаў, спраўляецца з гэтым выдатна.

Усе хлопчыкі і дзяўчынкі ў рамонтнай брыгадзе ўпершыню. Сваё імкненне сумясціць адпачынак з фізічнай працай тлумачаць жаданнем зрабіць школу прывабнай да пачатку новага навучальнага года, правесці цікава час з аднакласнікамі, а галоўнае — зарабіць першыя грошы. Праўда, куды дзенуць заробак, адказаць ніхто так і не змог. Ці не захацеў? Акрамя Аляксандра Тамашэвіча. Ён плануе дадаць свае грошы да бацькоўскіх і набыць тэлевізар.

— Для мяне гэта першы заробак, і я планую патраціць яго з розумам, — гаварыў юнак. — У вучнёўскую брыгаду па рамонце запісаўся, каб правесці вольны час з карысцю. І застаўся задаволены. Падабаецца ўсё: і харчаванне, і арганізацыя працы і адпачынку. А асабліва — спаборніцтвы па розных відах спорту, бо і сам спартсмен — займаюся плаваннем.

Якую дакладна суму ўдасца зарабіць школьнікам, стане вядома пасля заканчэння рамонту і складання каштарысу работ. Кажуць, што летась іх папярэднікі атрымалі за працоўную змену па 95 рублёў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ