Дзякуй за чуласць і пазітыў

Общество

Калі «Пастаўскі край» яшчэ толькі распрацоўваў канцэпцыю конкурсу «Мой любімы гадаванец», супрацоўнікі рэдакцыі доўга абмяркоўвалі, па якіх крытэрыях ацэньваць фотаздымкі і допісы пра вашых любімцаў, як зрабіць гэта найбольш аб’ектыўна, які падарунак прапанаваць пераможцу. А больш за ўсё хваляваліся, ці знойдзе наша задума водгук у вашых сэрцах. Таму вельмі ўзрадава­ліся, калі чытачы сталі дасылаць у раёнку лісты і фотаздымкі сваіх пацешных гадаванцаў.

Усяго на конкурс паступіла 18 работ. І кожная з іх — мініяцюрны твор мастацтва, прасякнуты любоўю да братоў нашых меншых. Ведалі б вы, з якой цікавасцю мы разглядвалі фотаздымак кожнага героя, чыталі аповед пра яго, з якім замілаваннем і азартам абмяркоўвалі! Знаёмячыся з вашымі допісамі, калектыў рэдакцыі атрымаў неверагодны зарад пазітыву, узрадаваўся неабыякавасці і цеплыні вашых сэрцаў.

Дружалюбны сібірскі хаскі Міра Аматэрасу, вясёлая кампанія, у якую ўваходзяць забіяцкі сабачка Сандра і каты-прыгажуны Ягор і Ёся, котачка Блыхастая з паляўнічымі задаткамі, ласун памеранскі шпіц Філіпок і яго гуллівая суседка па месцы жыхарства Злата, аднолькавай масці адданыя гаспадарам каты Валерык і Руся, «энергаджайзер» аўчарка Торы і яе назіральная суседка Чуча, пазі­тыўная і ласкавая такса Рэм, з характарам англійская аблавухая кошачка Ліза, падарожнік Жорж, дапытлівы Персік, ласкавая такса Фунцік, пільны вартаўнік Бімка, спартыўны кот Цімка, інтэлектуальная кошачка Мілі, абаяльны кампаньён Дамінік, жыццярадасны паляўнічы Шрэк, экзатычныя актывісткі і акуратысткі чылійскія вавёркі Пірат і Маха. Нехта з іх аблашчаны лёсам з нара­джэння і мае ўласны пашпарт, які пацвярджае чыстакроўнасць пароды, а нехта атрымаў права на шчаслівы лёс дзякуючы вашай чуласці. І ўсе — любімыя і непаўторныя. Нам жа спадабаліся ўсе!

Што да пераможцаў конкурсу, то большасцю галасоў імі выбраны кошачкі Белачка і Тоська — гадаванцы пастаўчанкі Леакадзіі Гінько (на здымку).Разам з віншаваннямі ад рэдакцыйнага калектыву яна атрымала маляўніча аформлены падарункавы сертыфікат на падпіску на «Пастаўскі край» на другое паўгоддзе.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.