Груздаўскія музыкі нарадзілі фестываль

Личности

Ці думалі калі груздаўскія музыкі, што менавіта яны стануць вытокам сённяшняга Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»? Наўрад ці. Гралі для душы, сваё майстэрства перадавалі з пакалення ў пакаленне. 60 гадоў таму аб’ядналіся ў цымбальны аркестр. А ўрэшце сталі магутным жыватворным патокам, які разліўся далёка за межы Пастаўшчыны.

Як усё пачыналася

Да гэтага часу старажылы ўспамінаюць скрыпача Міхаіла Давідовіча (празванага Каліноўскім) і гарманіста Браніслава Качаргу (звалі Ражкоўскім), якія, па ўсеагульным прызнанні, валодалі непераўзыдзеным выканаль­ніцкім майстэрствам. У Пожарцах, як ніхто іншы, ведаў вельмі шмат старадаўніх мелодый Лявон Мелец. Ён жа віртуозна граў на цымбалах, адметных па сваіх памерах, колькасці струн, дыяпазоне гучання. Іх называюць дыятанічнымі. Найчасцей цымбалы гучалі разам з гармонікам і скрыпкай — каралевай музыкі, як называлі яе ў Пожарцах і Груздаве. Без іх не абыходзілася ні адна вечарына, гучалі і на вяселлях.

Сапраўдным святам для аднавяскоўцаў быў удзел у вечарынах старэйшын груздаўскай самабытнай школы: скрыпачоў Івана Мельца, Іосіфа Мацкевіча, гарманіста Івана Крывенькага. З затоеным дыханнем слухалі і назіралі за імі маладыя на той час  Пётр Рагіня, Іван Мацкевіч, Станіслаў Мелец, браты Нестар і Віктар Падгайскія, Аляксандр Кавалеўскі, Уладзімір Новік, Уладзімір Крывенькі.

Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя найбольш таленавітыя музыкі аб’ядналіся ў капэлу. Яе першае выступленне на сцэне адбылося вясной 1940 года. Пасляваенныя га­ды характарызуюцца з’яўленнем новых тэндэнцый у народным мастацтве. У гэты час аднаўляе сваю дзейнасць і ансамбль груздаўскіх цымбалістаў. Загадчык мясцовага клуба Уладзімір Крывенька — таленавіты гарманіст і цудоўны арганізатар — збірае музыкаў з навакольных вёсак. К 1957 году іх налічвалася ўжо каля 20 чалавек. У 1958-ым ансамбль прыняў удзел у I Усебеларускай дэкадзе народнай творчасці і атрымаў першыя ўзнагароды — граматы раённага і абласнога аргкамітэтаў Міністэрства культуры БССР. Поспех і палічылі датай нара­джэння калектыву.

З ансамбля – у народны аркестр

На заключным канцэрце дэкады, які праходзіў у Віцебску, выступленне ансамбля пачуў выкладчык Віцебскага музычнага вучылішча Якаў Нікіцін. Ён высока ацаніў самабытнасць і майстэрства самадзейных музыкаў і ўзяў над імі шэфства, а ў 1965-ым узначаліў калектыў. Прапанаваў пашырыць ансамбль і ператварыць яго ў аркестр. Ідэя была падтрымана. Сабраліся 24 цымбалісты, якія і склалі яго ядро. Пашырыўся інструментальны склад: далучыліся баяны, дудкі, кларнеты, губныя гармонікі, кантрабас, лыжкі, бубен і шумёлы. Аснову рэпертуару складалі аўтэнтычныя мелодыі ў апрацоўцы Якава Нікіціна, а інструментальнага складу — дыятанічныя цымбалы, зробленыя Іосіфам Новікам. На III дэкадзе народнай творчасці БССР, якая праходзіла ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску, аркестрам былі выкананы «Груздаўская вясельная» і «Беларуская фантазія», а сямейны квартэт Мацке­вічаў асобным нумарам сыграў польку «Агульніца» і вальс «Ніначка».

З часам да груздаўскага аркестра далучыліся выкладчыкі Пастаўскай і Варапаеўскай музычных школ. Калектыў — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных фестываляў — становіцца вядомым ва ўсёй Беларусі і за яе межамі. Вось што пісала пра аркестр у 1967 годзе рэспубліканская газета «Звязда»: «Гучна і зладжана граюць цымбалы, а іх мелодыю з тонкім густам вядуць жалейкі, бубен, лыжкі. Адным словам, спалучэнне ўсяго «арсеналу» музычных сродкаў, якія спрадвеку весяляць нашу беларускую вёску».

Удзельнікі ІІІ Усебеларускай дэкады народнай творчасці (1965 год)

У 1973 годзе за высокае выканальніцкае майстэрства і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці аркестру прысвоена званне «народны». У гэты час яго кіраўніком становіцца найстарэйшы народны музыка Груздаўшчыны, таленавіты скрыпач і цымбаліст Пётр Рагіня. Па яго ініцыятыве з мэтай захавання музычнай спадчыны свайго краю для нашчадкаў пры Груздаўскай васьмігадовай школе адкрываецца студыя ігры на дыятанічных цымбалах. Пазней ствараецца дзіцячы цымбальны аркестр.

У 1978-ым Груздаўскі цымбальны аркестр як лаўрэат I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці прадстаўляў Беларусь у Ташкенце.

Маладыя жыватворныя сілы

У 1983 годзе кіраўніком калектыву становіцца выкладчык Пастаўскай музычнай школы Анатоль Собаль. У складзе аркестра адбываюцца змены. Уво­дзяцца новыя інструменты: скрыпкі, акардэон, балалайкі, гармонік, жалейка. З Груздаўскага цымбальнага аркестра выраслі сямейныя дынастыі Мацкевічаў, Рагіняў, Падгайскіх. Разам з аркестрам з асобнымі нумарамі выступаюць фальклорны ансамбль, які назвалі «Груздаўскія дзяды», і сямейны ансамбль Мацкевічаў.

У пачатку 90-х гадоў адзін за адным пайшлі з жыцця груздаўскія музыкі, перастаў існаваць мясцовы клуб, закрылася васьмігодка, у вёсцы практычна не засталося моладзі. З мэтай захавання багатых традыцый, зберажэння і перадачы новаму пакаленню груздаўскай музычнай спадчыны ў 1991 годзе пераемнікам Груздаўскага цымбальнага аркестра стаў невялікі ма­більны калектыў выкладчыкаў Пастаўскай музычнай школы пад кіраўніцтвам Анатоля Собаля. А назвалі ансамбль «Паазер’е». Дзякуючы яму, на Пастаўшчыне (адзінае месца ў Беларусі, дзе захаваліся дыятанічныя цымбалы) сфарміравалася Груздаўская выканальніцкая школа  і зберагліся мясцовыя народныя мелодыі. Галоўная задача «Паазер’я» — працяг і папулярызацыя старажытных традыцый груздаўскіх музыкаў.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота з архіва школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.