І «лобнае месца» для душэўных размоў

Культура

Атрымала рэдакцыйнае заданне асвятліць, якімі новымі аб’ектамі прырастае спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», і ўзрадавалася чарговай магчымасці пабываць у гэтым маляўнічым урочышчы. Даўно заўважыла, што ад прыгажосці тутэйшых мясцін, як кажуць, спявае душа. Для мяне тут і неба сінейшае, і паветра званчэйшае, і сосны вышэйшыя, і водная гладзь раўнейшая. 

— У Азёркі па рабоце наведваюся кожны дзень, а бывае, што і па некалькі разоў. Даво­дзіцца вырашаць шмат гаспадарчых пытанняў. На жаль, не заўсёды ўсё атрымліваецца гладка, але, як толькі трапляю на тэрыторыю комплексу, усе праблемы забываюцца. Гэта сапраўды казачна прыгожае месца, дзе адпачываю душой, — нібы чытаючы мае думкі пра хараство прыроды, гаворыць генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург.

Напэўна, з моманту адкрыцця спартыўна-турыстычнага комплексу работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі не спыняюцца ні на дзень, адзін за адным узводзяцца новыя аб’екты, з’яўляюцца малыя архітэктурныя формы. Чарговы «навасёл» — месца агульнага збору пасярод палатачнага гарадка. Жартам Станіслаў Уладзіміравіч называе яго «лобным месцам». Яно і сапраўды нагадвае тэрыторыю «разбору палётаў» у расійскім рэаліці-шоу «Дом-2»: лавачкі, размешчаныя па крузе, абнесеныя высокімі тонкімі бярвеннямі, у цэнтры — ачаг для вогнішча.

На беразе возера ідзе ўстаноўка модульнай лазні. У ёй прадугледжаны памывачнае аддзяленне, парылка і прылазнік. З тэрасы можна будзе палюбавацца возерам Белае, а спусціцца да яго — па спецыяльнай дарожцы, якая неўзабаве злучыць лазню і вадаём.

Падыходзім да заасфальтаванай пляцоўкі, абгароджанай па перыметры 4-метровай сеткай зялёнага колеру. Гэта комплексная спартыўная пляцоўка для гульні ў міні-футбол, валейбол і вялікі тэніс. Тут, што называецца, уносяцца апошнія штрыхі — на раўнюткі асфальт укладваецца штучнае травяное пакрыццё. Пасля нанясення неабходнай разметкі і ўстаноўкі спартыўнага абсталявання зала на свежым паветры зможа прымаць прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця. Дарэчы, адкрыццё пляцоўкі адбудзецца 16 чэрвеня спаборніцтвамі па паркавым валейболе.

Побач стаіць будынак у выглядзе літары «п», які дажывае апошнія дзянькі — у хуткім часе пачнецца яго дэмантаж. На падмурку будынка да канца года «вырасце» каробка з газасілікатных блокаў, будзе накрыты дах. У больш аддаленай перспектыве пабудова стане гасцінічным комплексам на 50 спальных месцаў. Будуць тут і нумары люкс. Чакаем!

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.