І пасведчанні, і дыпломы

Образование

Сабрацца на чарговую лінейку, якая адбылася 18 чэрвеня, у работнікаў і навучэнцаў дзяржаўнага каледжа было адразу дзве нагоды. І абедзве прыемныя — хлопцы з вучэбнай групы №1-ТМ атрымалі пасведчанні матросаў-ратаўнікоў, а прызёры першынства навучальнай установы па футболе — дыпломы.

Уручыць адпаведныя пасведчанні юнакам, якія напярэдадні прайшлі навучанне па выратаванні тапельцаў на водах на базе Пастаўскай ратавальнай станцыі, прыйшоў старшыня раённай арганізацыі РДГА «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Алег Іўко:

— Сказаць, што гэта было паўнавартаснае навучанне, цяжка, таму што нашы матросы-ратаўнікі трэніруюцца гадамі. Аднак вы, несумненна спасціглі неабходныя азы, атрымалі ўяўленне пра нашу работу, пра тое, як адбываецца пошук пад вадой. Зараз мы можам прыцягваць вас у якасці дружыннікаў. І ў той жа час хачу, каб вам ніколі не давялося скарыстацца на практыцы гэтымі ведамі. А калі яны ўсё ж такі спатрэбяцца — не разгубіцца. Віншую і чакаю на далейшых трэніроўках на станцыі.

Усяго пасведчанні матросаў-ратаўнікоў атрымалі 15 чалавек. Таксама Алег Іўко нагадаў асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў на вадзе, правілы бяспечных паводзін, прывёў бязрадасную статыстыку. Каб яе не папоўніць, раіў не купацца ў адзіночку альбо пры дрэнным самаадчуванні, не скакаць і не ныраць у ваду ў незнаёмых месцах, калі ёсць малодшыя браты і сёстры, то ні на хвіліну не пакідаць іх без нагляду. Паведаміў, што час, адведзены на выратаванне тапельца летам, не перавышае трох хвілін. Гэта вельмі мала, бо за гэты час трэба знайсці чалавека пад вадой, выцягнуць на бераг і аказаць першую медыцынскую дапамогу. І няхай не ўводзіць у зман жаркае надвор’е, якое стаіць днём: з-за нізкай тэмпературы ноччу вада не праграваецца належным чынам, што толькі спрыяе няшчасным выпадкам.

Прызёраў першынства каледжа па футболе віншаваў дырэктар установы Сяргей Герасіменка. Ён пажадаў хлопцам далейшых поспехаў, адзначыў выдатную арганізацыю спартыўных спаборніцтваў, падзякаваў за яе кіраўніку фізічнага выхавання Юрыю Трафімаву і разам са сваім намеснікам па вучэбнай рабоце Наталляй Шылько ўручыў футбалістам дыпломы. Іх атрымалі каманды вучэбнай групы №1-ТМ, якая заняла ў першынстве трэцяе месца, №1-ДП (другое) і №21/2 (першае). Таксама дыпломамі адзначаны лепшы нападаючы спаборніцтваў Андрэй Мірашнічэнка, лепшы абаронца Аляксандр Мічкоўскі, лепшы варатар Аляксандр Софін і лепшы ігрок Сяргей Міснік.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.