Камаі «засвяціліся» ў рэспубліцы

2018 год — Год малой радзімы Общество

Напрыканцы гэтага месяца ў раён прыйшла прыемная навіна — па выніках мінулага года Камайскі сельскі Савет прызнаны адным з пераможцаў рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў краіны.

Віншую з перамогай старшыню Генадзія Урбанайця і прашу расказаць, як удалося «засвяціцца» ў рэспубліцы.

— Гэта была наша другая спроба, — адказаў Генадзій Часлававіч. — Упершыню ўдзельнічалі ў агля­дзе тры гады назад, але ў прызёры не выйшлі. Сёлета зноў адправілі фотаматэрыялы. Паказаць нам ёсць што — Камаі год ад года ўсё больш добраўпарадкоўваюцца і прыгажэюць. У гэтым заслуга ўсіх людзей, хто жыве ў аграгарадку і стараецца, каб і на ўласных падворках, і ў грамадскіх месцах было чыста, акуратна, прыгожа. Хачу падзякаваць кіраўніцтву і працоўным калектывам ААТ «Камайскі-агра», участковай бальніцы, школы, лясніцтва і іншых устаноў за ўклад, які яны ўносяць у добраўпарадкаванне.

Асобна трэба сказаць пра ксяндза-пробашча мясцовага касцёла Яцэка Хутмана, які стаў сапраўдным патрыётам Камайшчыны. Ён унёс шмат цікавых прапаноў па добра­ўпарадкаванні аграгарадка, прымаў і прымае асабісты ўдзел у іх ажыццяўленні, актыўна прыцягвае да гэтай справы парафіян, дапамагае фінансава.

Цэнтр Камай — гэта, канечне ж, касцёл і парк праз дарогу ад яго. Акрамя таго, што святыня цікавая сама па сабе як помнік архітэктуры, дык і ад прылеглай да яе тэрыторыі не адвесці вачэй, настолькі тут усё стыльна і прыгожа. А як змяніўся за апошнія гады парк! Тут выкладзены пліткай дарожкі, высаджаны туі і розныя дэкаратыўныя кустарнікі, створаны дэндрапарк, устаноўлены малыя архітэктурныя формы і дэкаратыўныя ліхтары, падсвет дарожак, абсталяваны гульнёвыя і спартыўныя пляцоўкі. Ва ўсё гэта ўкладзена нямала працы і сродкаў. З фінансаваннем шмат дапамагло мясцовае сельгаспрадпрыемства. Дзякуючы ініцыятыве ксяндза Яцэка і яго непасрэднаму ўдзелу, ва ўзорны стан прыве­дзеныя камайскія могілкі — выкладзеныя пліткай дарожкі, высаджаныя туі, падведзены водаправод, рэгулярна праводзіцца падкошванне.

Камайскі сельскі Савет як пераможца рэспубліканскага агляду (а такіх прызёраў па ўсёй краіне вызначана толькі пяць) атрымае грашовую прэмію ў размеры 800 базавых велічынь (19600 рублёў). У адпаведнасці з палажэннем аб аглядзе, да 30% сумы прадугледжана на прэміраванне кіраўнікоў і работнікаў арганізацый, якія ўнеслі найбольшы ўклад у добраўпарадкаванне населенага пункта. Не менш за 70% будзе выкарыстана на далейшае правядзенне гэтай работы.

— Планаў шмат, — дзя­ліўся старшыня сельскага Савета. — Хочацца абсталяваць яшчэ дзве гульнёвыя пляцоўкі для дзяцей старэйшага і малодшага ўзросту, якіх у нас шмат, патрабуецца рамонт асфальтавага пакрыцця вуліц, не хапае кантэйнераў для смецця. На гэтыя і іншыя мэты і выкарыстаем сродкі.

Няма сумнення, што ў Год малой радзімы аграгарадок Камаі яшчэ больш папрыгажэе.

Фаіна Касаткіна
Фота прадастаўлена Камайскім 
сельвыканкамам



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.