Магчымасць жыць…

Общество

Ныркі — пакуль што адзіны орган чалавечага арганізма, функцыі якога медыцына навучылася замяшчаць, прыдумаўшы апарат «Штучная нырка». Дзякуючы гемадыялізу, пацыенты з хранічнай нырачнай недастатковасцю атрымліваюць жыццёва неабходную працэдуру. І хоць яна не вядзе да выздараўлення, затое дае чалавеку найвялікшую каштоўнасць — магчымасць жыць.

Аддзяленне гемадыялізу ў паліклініцы Пастаўскай ЦРБ з’явілася 9 гадоў назад. Да гэтага тыя, каму патрабавалася адпаведная працэдура, былі вымушаныя праходзіць яе ў Глыбоцкім міжрэгіянальным дыялізным цэнтры. Зараз такой неабходнасці няма. Пастаўскае аддзяленне гемадыялізу разлічана на 3 месцы (столь­кі ж маецца апаратаў «Штучная нырка» нямецкай вытворчасці) і працуе ў дзве змены 6 дзён у тыдзень. Са жніў­ня 2015 года аддзяленне ўз­начальвае ўрач-нефролаг Вольга Касцень (на здымку).

— Гемадыяліз — асноўны метад пазанырачнага ачы­шчэння крыві пры хранічным захворванні нырак 5-ай стадыі. Прычыны захворвання могуць быць справакаваныя гламеруланефрытам, цукровым дыябетам, артэрыяльнай гіпертэнзіяй альбо сардэчна-сасудзістымі хваробамі, — расказвала Вольга Анатольеўна. — Калі ў здаровага чалавека ныркі выконваюць шэраг найважнейшых функцый: выводзяць з арганізма таксіны, нармалізуюць водны баланс, то ў людзей, якія пакутуюць ад нырачных захворванняў, гэты працэс не адбываецца, і арганізм атручваецца ўласнымі прадуктамі абмену рэчываў. Пацыент, у якога перасталі функцыянаваць ныркі, павінен праходзіць гемадыяліз 3 разы ў тыдзень. Доўжыцца працэдура 4 гадзіны.

Разам з Вольгай Касцень у аддзяленні працуюць медыцынскія сёстры Алеся Нусіна і Юлія Юшкевіч, санітаркі Аліна Дарафейчык і Алена Міхалевіч. За спраўнасць тэхнічнага абсталявання адказваюць інжынер Віктар Альсевіч і тэхнік Ігар Кейзік. Раз у тры месяцы правяраць гемадыялізныя апараты прыязджае інжынер з Мінска, які працуе на фірму-вытворцу. Са слоў загадчыцы аддзялення, тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, здольныя сарыентавацца ў любой пазаштатнай сітуацыі. Увесь медыцынскі і тэхнічны персанал прайшоў навучанне на базе Віцебскай абласной клінічнай бальніцы і 9-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска, мае грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку.

Пацыенты, якія не маюць супрацьпаказанняў для трансплантацыі, праходзяць абследаванне і ставяцца ў «ліст чакання» донарскай ныркі. Усяго за час існавання аддзялення на трансплантацыю былі накіраваны 11 пацыентаў. Летась донарскую нырку атрымалі 2 чалавекі. Людзі, якія перанеслі такую аперацыю, знаходзяцца пад пільным медыцынскім наглядам, абавязаныя выконваць дыету і прымаць адпаведныя прэпараты.

З моманту адкрыцця аддзялення лячэнне ў ім прайшлі 76 пацыентаў. Гэта не толькі жыхары нашага раёна, але і тыя, хто адпачывае ў санаторыі «Белая Русь» у Нарачы і мае патрэбу ў гемадыялізе. Таксама на базе аддзялення аказваецца дапамога людзям з вострымі нырачнымі пашкоджаннямі. Тут галоўны сакрэт выздараўлення — як мага хутчэй звярнуцца па медыцынскую дапамогу. А тое, што яна будзе якаснай, сведчыць хаця б той факт, што сёлета па выніках комплекснай ацэнкі дзейнасці аддзяленне гемадыялізу прызнана пераможцай сярод паліклінічных і дапаможных падраздзяленняў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.