На футбольную стажыроўку ў Італію

Спорт

АДПРАВІЦЦА Ў КАСТРЫЧНІКУ ПЯТНАЦЦАЦІГАДОВЫ ПАСТАЎЧАНІН ГЕРМАН ЧАЛЕЙ

«Пастаўскі край» не мог пакінуць без увагі такую прыемную навіну і запрасіў юнака ў рэдакцыю, каб той расказаў пра сябе і як удалося выцягнуць шчаслівы білет.

Герман — адзінаццацікласнік СШ №2, футболам займаецца з шасці гадоў. Успамінае, што маленькім на прагляд у футбольную акадэмію «ПМЦ» яго прывялі бацькі — хацелі, каб сын развіваўся фізічна. І мелі рацыю: хлопчык быў спартыўны, упадабаў штурхаць мяч, вабілі трэніроўкі.

Першым яго трэнерам стаў Аляксандр Тарасевіч. Аднак тонкасцям папулярнай ва ўсім свеце гульні вучыў нядоўга — усяго некалькі месяцаў. Працягнуў футбольную адукацыю хлопчыка — і падчас існавання акадэміі, і пасля яе расфарміравання — Васілій Грантоўскі.

— Васілій Мікітавіч заклаў базу: навучыў зносінам з камандай, тэхніцы валодання мячом, разуменню футбола, правільным пазіцыям на полі, куды аддаваць мяч, дзе адкрывацца аднаклубнікам. Вельмі ўдзячны яму за ўсё, — гаварыў Герман. — Менавіта ён сфарміраваў і згуртаваў каманду, не даў ёй распасціся. Усім ігракам падабраў найбольш выгадныя пазіцыі. Напрыклад, фізічна моцны цэнтральны абаронца Дзяніс Казлоў мае выдатную тэхніку, можа ўвесь матч адбегаць на высокіх хуткасцях. «Убойная» левая нага Дзімы Рогача здольная парваць сетку варот з любой дыстанцыі. Лёша Хмельнік — чалавек-ракета.

— Вельмі хутка бегае? — удакладняю.

— Лётае, — з усмешкай, але даволі сур’ёзна адказвае суразмоўца. — Карацей, кожны на сваім месцы.

На чале з Васіліем Мікітавічам каманда пастаўчан, у склад якой уваходзіў Герман, у 2014-м стала пераможцай рэспубліканскага турніру па футболе «Скураны мяч». На гэтых жа спаборніцтвах былі «срэбра» і «бронза». Затым у абласным чэмпіянаце гуляў за дарослую каманду. А нядаўна з бацькамі зайшлі на сайт «Футбік.by» і прачыталі навіну, што ў Мінску на базе прыватнай футбольнай школы Мікалая Мурашкі будзе дзейнічаць дзіцячы футбольны лагер акадэміі «Інтэр», у якім на працягу дзвюх змен сакрэтамі майстэрства будуць дзяліцца італьянскія трэнеры. Зацікавіліся. На афіцыйным сайце ФШМ запоўнілі заяўку. І ўжо на наступны дзень ім патэлефанавалі, назвалі неабходныя для гэтага дакументы, сказалі куды і калі прыяз­джаць. Дарэчы, разам з Германам у першую змену работы лагера, якая доўжылася 6 дзён, трапіў і пастаўчанін Дзіма Рогач.

У лагеры 50 хлопчыкаў з Беларусі і Расіі падзялілі на тры ўзроставыя групы. На працягу пяці дзён футбольныя трэніроўкі праходзілі два разы ў дзень. Акрамя гэтага, для юных спартсменаў была прадумана шырокая адукацыйная і забаўляльная праграма: яны развучвалі італьянскія песні, вучыліся гуляць у шахматы і засвойвалі блогінг. На шосты дзень групы падзялілі на каманды і правялі невялікія сямі­хвілінныя турніры паміж равеснікамі. Вынікі спаборніцтваў падвялі ў канцы дня: усім выдалі сертыфікаты аб праходжанні трэніроўкі з італь­янскімі трэнерамі, форму «Інтэра», абвясцілі прэміі ў розных катэгорыях і назвалі двух шчасліўчыкаў, якія адправяцца на нядзельную стажыроўку ў Італію разам з 16-цю ігракамі каманды ФШМ і яшчэ двума хлопцамі, якіх адбяруць у другой лагернай змене. Галоўны прыз дастаўся Яраславу Шыку з Наваполацка і Герману Чаляю.

— Для мяне гэта стала сапраўднай нечаканасцю. Знаходзіўся ў шоку і ў сваё шчасце не мог паверыць яшчэ некалькі гадзін, — дзяліўся ўражаннямі Герман. — Лічу, што мне проста пашанцавала крыху больш за астатніх, бо, напрыклад, Дзіма Рогач праявіў сябе не горш за мяне.

 Не паверылі і ўспрынялі як жарт стажыроўку на базе італьянскай футбольнай акадэміі «Інтэр» і пастаўскія сябры Германа, пакуль не ўбачылі адпаведны дыплом. Пацвярджаем: гэта праўда, і віншуем!

 Вераніка ФІЛАНОВІЧ
Фота Антона ЧАЛЯЯ