Няма нічога страшнейшага за вайну

Общество

Чым  больш аддаляе  нас час ад Вялікай Айчыннай, тым менш застаецца яе ўдзельнікаў і сведкаў. Але яшчэ ёсць сярод нас людзі, якія памятаюць тыя падзеі і імкнуцца данесці свае ўспаміны нашчадкам. Каб ведалі, які жах давялося перажыць у ваеннае ліхалецце і цанілі мірнае неба над галавой.

Адна з іх — жыхарка райцэнтра Людмі­ла Уладзіміраўна Шырокая. Ведаю яе даўно, зрэдку бачымся. Жанчына любіць узгадваць пражытае. Заўсёды са слязамі на вачах расказвае пра па­дзеі, сведкай якіх стала ў 1943-ім. Нават запісала іх у агульны сшытак, а таксама занатавала ў ім звесткі пра свой радавод, бліжэйшых родзічаў, нават некалькі вершаў пра жыццё-быццё склала.

Але вернемся ў 1943-ці. Вось што ўзгадвае дзіця вайны:

— Мне споўнілася ўсяго пяць гадоў, але тыя страшныя падзеі настолькі ўрэзаліся ў памяць, што як сёння бачу іх. Гэта было 14 кастрычніка, якраз на Пакроў. Праз наш хутар Дубішча, што ў Мядзельскім раёне, прайшоў вялізны цэп немцаў са зброяй (немцы ішлі шарэнгай, за 10-15 метраў адзін ад другога — аўт.). Перавярнулі калоду пчол і накіраваліся на далейшыя хутары. А на наш неўзабаве пад’ехала машына, і немцы адразу ж падпалілі ток. У агні пачалі страляць патроны. Фашысты падскочылі да таты — значыць былі партызаны. Ён стаў тлумачыць, што ў Першую сусветную вайну тут стаялі немцы, ад іх маглі застацца не толькі патроны, але і гранаты. Узяліся дапытваць дзядулю. Ён сказаў тое самае. Абодвух трымалі пад дулам аўтамата. Мама і я з плачам упалі перад немцамі на калені, прасілі, каб не забівалі.

Не застрэлілі. Разам з іншымі пагналі ў Мядзел. Забралі ўсю жывёлу, а ў нас яе было шмат, бо жылі заможна, мелі 30 гектараў зямлі. Жывёлу не забівалі, а таксама пагналі ў Мядзел. Усе пабудовы на хутарах і ў бліжэйшых вёсках спалілі. Тата забраў з хаты толькі абраз і насценны гадзіннік, мама схавала пад футра трубку палатна. Абоз з людзьмі і жывёлай расцягнуўся не на адзін кіламетр. З абодвух бакоў дарогі канваіравалі немцы з аўтаматамі. Прыгналі ў Мядзел, забралі ўсё, што людзі паспелі ўзяць з сабой, усіх закрылі ў царкве і трое сутак трымалі там. Колькі было страху, слёз, невядомасці! Баяліся, што спаляць жывымі.

На чацвёртыя cуткі пагналі на чыгуначную станцыю ў Лынтупы, каб вывезці ў Нямеччыну. Ля вёскі Пярэгарадзь немец сагнаў з воза бабулю і дзядулю і паказаў, каб ішлі да першай хаты. Напэўна, старыя былі непатрэбныя ў Германіі. Я стала галасіць, бо вельмі любіла бабулю і дзядулю і хацела застацца з імі. Немец злітаваўся і адпусціў не толькі мяне, але і маму з татам і маленькім брацікам. І гэта быў цуд. Абоз пайшоў далей, а мы засталіся ў Пярэгарадзі, ад якой да нашага хутара было ўсяго два кіламетры.

Прыйшлі на папялішча. На наша шчасце, чатыры каровы ўцяклі ад немцаў у лес, а потым вярнуліся на месца, дзе раней стаяў іх хлеў. Яны і выратавалі нас ад голаду. Дзвюх прадалі, каб купіць сена астатнім і якога-небудзь харчу самім. Ачысціўшы пажарышча, тата з дзядулем зрабілі для кароў шалаш з яловых галінак. Самі абуладкаваліся ў склепе, дзе і зімавалі. Мяне, маму і браціка, які нарадзіўся ў 1942-ім, прытуліла ў Шурпіках другая бабуля. У яе хаце тады жыло больш за 20 чалавек, як родныя, так і чужыя, і ўсе мес­ціліся. Пра адно малілі Бога — каб хутчэй закончылася вайна, жывымі вярнуліся з фронту мужчыны. І пачыналі жыццё па-новаму.

Вясной узяліся будаваць хату. Уцалелі азімыя, пасеяныя восенню, і на Пятро мама спякла першы хлеб.

А хіба можна пакінуць па-за ўвагай тое, што я пачула ад Юліі Юльянаўны і Антона Сцяпанавіча Альфер з вёскі Груздава, калі нядаўна рыхтавала для газеты матэрыял пра іх жыццё. Яны таксама зведалі жахі вайны і ніколі іх не забудуць. Вось што расказваў Антон Сцяпанавіч: «Гэта было ў чэрвені сорак трэцяга. Я на той час знаходзіўся за тры кіламетры ад Груздава, у гаспадара, да якога бацькі аддалі пасвіць кароў. Але добра бачыў, як нямецкія самалёты бамбілі маю вёску. У той дзень згарэла палова Груздава, у тым ліку і наша хата. А тыя, што ўцалелі, фашысты спалілі восенню, падчас блакады. У Сакалах быў панскі двор, а ў ім — млын. Яго таксама знішчылі, каб партызаны не маглі малоць зерне на хлеб. У Груздаве жылі чатыры сям’і яўрэяў, якія трымалі магазіны. Дык іх вывезлі ў Паставы, у гета, дзе пазней расстралялі. Іншых людзей зганялі ў царкву, потым вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Многія не вярнуліся адтуль».

«Я таксама памятаю той дзень, — працягвае мужаў расказ Юлія Юльянаўна. — Наша сям’я жыла ў Дашчынках. Толькі сонца ўзышло, мы яшчэ спалі, як наляцелі нямецкія самалёты. У жаху выскачылі з хаты, пахаваліся ў мокрых кустах. На шчасце, Дашчынкі не бамбілі, а вось Груздава «перамалацілі». Людзі баяліся, што рана ці позна прыйдуць немцы, таму капалі ў полі ямы і хавалі ў іх бульбу, збожжа, адзенне. І вось у кастрычніку сорак трэцяга немцы, ідучы цэпам, натрапілі на акоп, у якім быў не толькі харч, але і мясцовы хлопец схаваўся. Яго прынялі за партызана, моцна білі і, напэўна, застрэлілі б, калі б не заступіліся два вяскоўцы, якія ведалі нямецкую мову і пераканалі, што гэта не партызан. Хлопец са страху паказаў, што гэтак жа, як і ён, пахавалі самае неабходнае і ўсе суседзі. Тады яны прымусілі нас адкопваць ямы і ўсё забралі з сабой. З хлявоў павыганялі кароў, свіней, авечак, палавілі гусей і курэй і паадкручвалі ім галовы — ачысцілі ўсё. Людзей пакідалі на галодную смерць. Але мы выжылі, хаця было невыносна цяжка».


Больш за сем дзесяцігоддзяў мінула з таго жудаснага ліхалецця, а памяць усё баліць у сэрцах лю­дзей, якіх яно закранула. Вось і ў маіх суразмоўцаў дрыжэў голас, наварочваліся на вочы слёзы.»Нічога страшнейшага за вайну на свеце няма, — казалі яны. — Дай  Божа, каб нашы дзеці, унукі і праўнукі ніколі не зведалі такога жаху».

Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.